Мінск 01:57

Блогер Бяспалаў завочна асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі

Фота: Следчы камітэт

2 траўня, Позірк. Да 18 гадоў пазбаўлення волі прыгавораны Мінскім абласным судом блогер Сяргей Бяспалаў, паведамляе Генеральная пракуратура.

Таксама яму прызначаны штраф у памеры 1.000 базавых велічынь (42.000 рублёў).

Заяўляецца, што Бяспалаў прызнаны вінаватым у здзяйсненні “шэрагу наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”.

“У сувязі з тым, што абвінавачаны ўцёк ад правасуддзя, крымінальная справа ў дачыненні да яго разгледжана ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Пры гэтым выкананыя агульныя правілы судовага разбору”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да Бяспалава паведаміў 13 снежня 2024 года Следчы камітэт.

Бяспалаў быў названы стваральнікам і кіраўніком “экстрэмісцкага фарміравання “МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ”. Яго абвінавачваюць паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130, арт. 188, ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 361¹, ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 368 і арт. 369¹.

Паводле матэрыялаў справы, Бяспалаў, “здзейсніўшы змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады”, з траўня 2020 года ў Беларусі і за яе межамі “ў складзе арганізаванай групы ўдзельнікаў такой змовы” размясціў у тэлеграм-канале “МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ” публікацыі, фота, відэазапісы “са звесткамі аб планаванні і заклікамі да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам у дачыненні да асоб, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады”.

“Ён жа з мэтай радыкалізацыі пратэстнай актыўнасці, уцягвання шырокага кола людзей у масавыя беспарадкі і супрацьпраўныя дзеянні размяшчаў на пастаяннай аснове на падкантрольных яму інтэрнэт-рэсурсах заклікі да ўдзелу грамадзян у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а таксама да здзяйснення іншых наўмысных злачынстваў, уключаючы акты тэрарызму”, — сцвярджае пракуратура, падкрэсліваючы, што дзеянні прывялі да нанясення дзяржаве шкоды ў памеры “больш за 30,9 млн рублёў”.

На гэтую суму намеснік генеральнага пракурора выставіў абвінавачанаму пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды.

33-гадовы Бяспалаў — былы добраахвотнік палка Каліноўскага, член Каардынацыйнай рады, быў абраны туды ад спісу “Незалежныя беларусы” на чале з іншым блогерам Максімам Шабуцкім. 9 чэрвеня 2022 года МУС прызнала “экстрэмісцкім фарміраваннем” групу грамадзян, аб’яднаных створанымі ім інтэрнэт-рэсурсамі “Мая краіна Беларусь”, “Вусы Лукашэнкі”, “Элехтарат” і “Сяргей Бяспалаў”.

Даведка “Позірку”:

арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы;

арт. 188 — паклёп;

арт. 293 — масавыя беспарадкі;

арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;

арт. 357 — змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы;

арт. 361¹ — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;

арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 369¹ — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.

Падзяліцца: