Мінск 01:48

Мігранты закідалі камянямі літоўскіх памежнікаў з тэрыторыі Беларусі — САДМ

5 траўня, Позірк. З тэрыторыі Беларусі праз агароджу мігранты закідалі камянямі і палкамі літоўскіх памежнікаў у Лаздзіяйскім раёне ў ноч на 3 траўня, паведамляе Delfi са спасылкай на Службу аховы дзяржмяжы (САДМ).

Адзначаецца, што інцыдэнт адбыўся з супрацоўнікамі Капчамесціскай пагранзаставы, якія ў выніку не пацярпелі.

Яны прыбылі на месца здарэння, паколькі выявілі там мігрантаў з дапамогай сістэмы памежнага кантролю. Паводле звестак САДМ, нелегальныя мігранты, якія падышлі да агароджы з боку Беларусі ў цёмны час сутак, “прынеслі з сабой лесвіцу, з дапамогай якой збіраліся перабрацца праз фізічную загароду і такім чынам трапіць у Літву“.

Калі мігрантам не дазволілі пералезці праз плот, ужыўшы слёзатачывы газ, яны “адступілі ўглыб Беларусі“.

Паводле даных САДМ, 3 траўня аналагічны інцыдэнт быў зафіксаваны ў іншым месцы таго ж ахоўнага ўчастка Капчамесціскай пагранзаставы, дзе з беларускага боку ў літоўскіх памежнікаў кідалі камяні.

“Такія выпадкі, калі агрэсіўна настроеныя мігранты спрабуюць нанесці цялесныя пашкоджанні супрацоўнікам памежнай службы, найчасцей фіксуюцца пры спробах нелегальнага перасячэння беларуска-польскай мяжы“, — адзначае САДМ.

Не менш за 8.444 спробаў нелегальнай міграцыі з беларускай тэрыторыі прадухілілі суседнія краіны Еўрасаюза ў студзені — красавіку 2025 года, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз аператыўных даных іх пагранічных службаў.

Гэта на 24,1% менш, чым за аналагічны леташні перыяд (11.119), і на 20,8% менш, чым за чатыры месяцы 2023 года (10.800).

Польшча спыніла не менш за 5.889 спробаў (9.341 у студзені — красавіку 2024 года, 7.799 у студзені — красавіку 2023-га), Латвія — не менш за 1.991 (1.595, 2.084), Літва — 564 (183, 917).

На літоўскім кірунку ў мінулым месяцы адзначана 361 спроба (у сакавіку — 104, рост у 3,5 раза), на польскай — 2.349 (2.729, зніжэнне на 13,9%).

Паводле сцвярджэння Дзяржпагранкамітэта, з-за дзеянняў прадстаўнікоў сілавых структур сумежных дзяржаў Еўрасаюза з 2021 года на мяжы загінула 68 мігрантаў.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: