Мінск 14:11

Памежнікі Літвы затрымалі семярых замежнікаў, якія нелегальна прыбылі з Беларусі

Фота: Служба аховы дзяржмяжы Літвы

6 траўня, Позірк. Семярых замежнікаў без пашпартоў, якія прадставіліся грамадзянамі Самалі, затрымалі памежнікі Літвы ўначы 4 траўня ў Шаўляйскім раёне.

Паводле інфармацыі Службы аховы дзяржмяжы, у аўтамабілі “Крайслер Вояджар” з чэшскімі нумарамі апрача 20-гадовага кіроўцы — грамадзяніна Украіны знаходзіліся “людзі, якія нелегальна перайшлі беларуска-латвійскую мяжу”. З Латвіі, яны “спрабавалі нелегальна з’ехаць на Захад”.

Кіроўцу арыштавалі, хутка будзе вырашацца пытанне пра прызначэнне меры стрымання. Распачатае расследаванне па факце нелегальнай перавозкі людзей праз мяжу. Кіроўцу пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Мігрантаў, “пасля ўладжвання ўсіх фармальнасцей”, перададуць латвійскім памежнікам.

Раней паведамлялася, што 3 траўня літоўскія памежнікі зазналі агрэсіўныя дзеянні нелегалаў, што знаходзіліся на беларускай тэрыторыі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды “паклікалі”.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных памежных службаў, ад пачатку года суседнія краіны ЕС прадухілілі больш як 9,6 тыс. спробаў мігрантаў незаконна трапіць з боку Беларусі, у тым ліку Літва — больш за 600.

Падзяліцца: