Мінск 02:07

З 2020 года больш за 8,2 тыс. чалавек рэпрэсавана па крымінальных справах — “Вясна”

Фота: pixabay.com

6 траўня, Позірк. У красавіку 2025 года зафіксавана больш за 50 фактаў палітычных рэпрэсій пасля 209 у сакавіку, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна” ў штомесячным аглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Зніжэнне паказчыкаў праваабаронцы звязваюць са “спыненнем доступу да раскладу судоў”.

Усяго з 2020 года мінімум 8.234 чалавекі зазналі крымінальны пераслед паводле палітычных матываў, у дачыненні не менш як 6.940 з іх вынесеныя прыгаворы, не менш за 33 накіраваныя на прымусовае лячэнне, гаворыцца ў аглядзе.

Колькасць палітычных вязняў на канец месяца склала 1.206 чалавек (з іх 159 — жанчыны). У красавіку палітвязнямі прызнаны 41 чалавек.

З траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі былі прынятыя ў дачыненні да больш чым 3.920 чалавек. 2.716 з іх (572 жанчыны) ужо выйшлі на волю ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання, зменай меры стрымання.

На канец красавіка праваабаронцам было вядома пра 51 палітвязня, дадаткова асуджанага да пазбаўлення волі за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” (арт. 411 КК). Частка з іх, звяртаюць увагу праваабаронцы, адбыла “свае адвольна падоўжаныя тэрміны”. Усяго паводле арт. 411 рэпрэсавана 56 чалавек, некаторыя — неаднаразова.

На 12 сакавіка 2025 года праваабаронцы валодалі інфармацыяй пра не менш за 219 палітвязняў, што знаходзяцца за кратамі “ў асаблівай рызыцы”. Мінімум 78 чалавек маюць цяжкія захворванні, 8 — інваліднасць, 10 — ментальныя разлады, 32 — ва ўзросце старэй за 60 гадоў (шмат хто з іх таксама мае праблемы са здароўем).

Сярод палітвязняў — 39 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра 10 сем’яў, у якіх абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.

Са жніўня 2020 года ў Беларусі не быў дазволены “ніводны апазіцыйны мірны сход”, “за ўдзел у вулічных пратэстах 2020 года ўлады пяты год праследуюць удзельнікаў у крымінальным парадку”, канстатуецца ў аглядзе. Адзначаецца, што паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) за гэты час асуджана не менш за 3.230 чалавек.

Спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў” у красавіку пашыраны на дзевяць пазіцый, цяпер у яго ўключана 279 груп грамадзян.

У красавіку пералік асоб, датычных да “экстрэмісцкай дзейнасці”, папоўніўся 139 прозвішчамі, што на 41 больш, чым месяцам раней. 13 чалавек папоўнілі спіс “асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”, цяпер у ім 1.268 чалавек, 574 з якіх — беларусы.

У мінулым месяцы вынесена 141 судовае рашэнне аб прызнанні кантэнту “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

“У красавіку беларускія ўлады працягнулі маштабную кампанію рэпрэсій пад выглядам барацьбы з “экстрэмізмам” і “тэрарызмам”. Сярод яўных тэндэнцый — сістэмная зачыстка грамадзянскай супольнасці, пры якой нават невялікія і лакальныя ініцыятывы зазнаюць нападкі”, — адзначаюць праваабаронцы.

Падзяліцца: