Мінск 13:31

Польскія памежнікі пасля пагоні затрымалі беларуса, які перавозіў мігрантаў з Егіпта

7 траўня, Позірк. Патруль памежнага паста ў Рутцы-Тартаку (Сувалкскі павет Падляскага ваяводства Польшчы) 3 траўня пасля пагоні затрымаў грамадзяніна Беларусі, які перавозіў нелегальных мігрантаў, паведамляе Польская памежная служба.

Адзначаецца, што аўтамабіль рухаўся з боку польска-літоўскай мяжы, кіроўца праігнараваў сігнал патруля спыніцца і павялічыў хуткасць. Патруль пачаў пераслед, пра пагоню былі папярэджаныя іншыя памежныя пасты і паліцыя.

Пры спробе спыніць аўтамабіль патрулём памежнай службы з горада Голдапа кіроўца не рэагаваў, што прывяло да сутыкнення з аўтамабілем памежнікаў. Пасля гэтага ён працягнуў сыходзіць ад пагоні.

Далей кіроўца ўрэзаўся ў браму аднаго з домаўладанняў і дрэва, пасля чаго “паспрабаваў схавацца пешшу, але быў затрыманы“.

За стырном транспартнага сродку знаходзіўся 44-гадовы грамадзянін Беларусі, які вёз трох пасажыраў: двух у салоне і аднаго ў багажніку, усе яны грамадзяне Егіпта, якія не маюць права на перасячэнне польска-літоўскай мяжы і знаходжанне ў Польшчы.

Мужчыны былі перададзеныя літоўскаму боку ў рамках рэадмісіі. Грамадзяніну Беларусі прад’яўлена абвінавачанне ў дапамаганні ў арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы, за што яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Суд арыштаваў яго на тры месяцы. Перавозчык таксама будзе прыцягнуты да адказнасці “за неспыненне для праверкі на дарозе“, за што яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, ён атрымаў рашэнне, якое абавязвае яго вярнуцца ў краіну паходжання, і забарону на ўезд на тэрыторыю Польшчы і краін Шэнгенскага пагаднення на працягу 10 гадоў.

У 2025 годзе супрацоўнікі Падляскага памежнага атрада затрымалі 14 памагатых і арганізатараў незаконнага перасячэння польска-літоўскай мяжы, паведаміла служба.

Усяго за першую пяцідзёнку цяперашняга траўня суседнія краіны Еўрасаюза спынілі не менш за 1.180 спробаў нелегальнага пранікнення праз мяжу з Беларуссю, у тым ліку Польшча — не менш за 570, Літва — 64. За аналагічны перыяд красавіка было зафіксавана не менш за 893 спробы (Польшчай — не менш за 745, Літвой — 18). Рост склаў 32,1%. На працягу пяці дзён леташняга траўня было 1.133 спробы (на польскім напрамку — 1.061, на літоўскім — 2), або на 4% менш.

З пачатку 2025 года суседнія краіны ЕС папярэдзілі не менш за 9.624 спробаў нелегальнай міграцыі з Беларусі (Польшча — не менш за 6.459, Латвія — не менш за 2.537, Літва — 628). Агаворка “не менш” звязаная з абцяжаранасцю дэталёвага аналізу: памежная ахова Польшчы ў апошнія месяцы публікуе прыблізныя лічбы, якія разыходзяцца са звесткамі іншых краін ЕС, якія суседнічаюць з Беларуссю, а Латвія ў сакавіку дадала да агульнай статыстыкі некалькі дзясяткаў мігрантаў, якіх не было ў штодзённых зводках.

Падзяліцца: