Мінск 00:20

Пасля Вялікабрытаніі і Шры-Ланкі спікер КР Мельнікава накіравалася ў ААЭ, сцвярджаюць расследавальнікі

Спікер КР Анжаліка Мельнікава
Архіўнае аідэа: PACE TV / Стоп-кадр: "Позірк"

10 траўня, Позірк. Спікер Каардынацыйнай рады (КР) Анжаліка Мельнікава, пра знікненне якой было заяўлена напрыканцы сакавіка, вылецела са Шры-Ланкі ў Дубай (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) 7 сакавіка разам з дочкамі, сцвярджаецца ў другой частцы расследавання The Insider і Polityka.

Пра тое, што 26 лютага Мельнікава вылецела з Варшавы ў Лондан, дзе “перасела на самалёт да Шры-Ланкі”, заяўлялася ў першай частцы расследавання, апублікаванага 6 траўня.

Паводле новай інфармацыі ад расследавальнікаў, 25 лютага спікер КР забранявала пражыванне ў гатэлі Araliya Beach Resort & Spa у Унаватуне (Шры-Ланка). У астраўную дзяржаву ў Паўднёвай Азіі, як сцвярджаецца, яна прыбыла 28 лютага. У перыяд знаходжання на Шры-Ланцы, паведамляюць медыя са спасылкай на неназваную крыніцу, з фонду, якім кіравала Мельнікава, “быў зроблены адзін буйны перавод — гэта былі сродкі з гранта, прызначаныя для беларускай апазіцыі”.

Увесь гэты час спікер КС, як сцвярджаецца, перамяшчалася як грамадзянка Польшчы, якой яна стала напрыканцы 2024 года.

Аўтарамі публікацыі з’яўляюцца польскі рэпарцёр-расследавальнік Павел Рэшка, а таксама расійскія журналісты Цімур Алеўскі і Яўгенія Тамарчанка, якія супрацоўнічаюць з расійскім выданнем The Insider, што спецыялізуецца на медыярасследаваннях. Выкладзеную ў другой частцы расследавання інфармацыю, як адзначана ў публікацыі, атрымалася высветліць пры ўдзеле журналістаў медыя Sunday Times in Sri Lanka.

Пра тое, што Мельнікава не на тэрыторыі Польшчы і не выходзіць на сувязь з 25 сакавіка, “Позірку” паведаміла 28 сакавіка прэс-служба Паўла Латушкі — кіраўніка НАУ, лідара фракцыі “Каманды Латушкі і руху “За Свабоду” ў КР, куды ўваходзіць Мельнікава.

Пазней СМІ паведамілі, што спікер КР магла вылецець з Польшчы ў Вялікабрытанію, куды на яе імя быў набыты авіяквіток.

7 красавіка стала вядома, што паліцыя Вялікабрытаніі не праводзіць расследаванне ў сувязі з яе знікненнем. У той жа дзень партал навінаў “Люстэрка” заявіў пра размову з былым мужам Мельнікавай, які пацвердзіў, што іх дзеці — дзяўчынкі 7 і 13 гадоў — знаходзяцца з ім у Беларусі.

Праз 10 дзён, 17 красавіка, Польскае радыё са спасылкай на Нацыянальную пракуратуру паведаміла, што расследаваннем знікнення Мельнікавай на даручэнне пракуратуры зоймецца Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.

Яшчэ праз тыдзень, 24 красавіка, Латушка заявіў пра атрыманне пісьмовых адказаў ад польскіх праваахоўных органаў па сітуацыі, звязанай са знікненнем Мельнікавай. “Камендант сталічнай паліцыі ў адказ на зварот праінфармаваў, што справа Анжалікі Мельнікавай, у якой яна праходзіць як пацярпелая асоба, перададзеная ў пракуратуру, адпаведная структура якой можа даць інфармацыю пра ход следства”, — паведаміла прэс-служба палітыка.

Матэрыялы, звязаныя са стварэннем пагроз прадстаўнікамі спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да супрацоўнікаў НАУ, “перададзеныя ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Польшча аб Агенцтве ўнутранай бяспекі і Агенцтве выведкі на разгляд адпаведнай службе”.

Паведамлялася таксама, што Люблінскі аддзел Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы 24 красавіка “праінфармаваў адмысловым лістом пра тое, што пастановай пракурора ад 16 красавіка гэтага года распачатае следства па справе пазбаўлення волі ў дачыненні да Анжалікі Мельнікавай на падставе арт. 189 § 1 (незаконнае пазбаўленне волі) Крымінальнага кодэкса ды іншых”.

Падзяліцца: