Мінск 00:42

Зазулінская пасля смерці экс-палітзняволенай Кандраценка: Вызваленне вязняў не можа чакаць

Крыніца: праваабарончы цэнтр "Вясна"

13 траўня, Позірк. Вызваленне палітычных вязняў не можа чакаць, як не можа чакаць і іх рэабілітацыя пасля вызвалення, такім чынам прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская пракаментавала навіну пра смерць экс-палітзняволенай Ганны Кандраценка.

Паводле яе слоў, якія прыводзіць прэс-служба АПК, “час у няволі — гэта час без лячэння і догляду, а часам — без шанцу”.

Зазулінская адзначыла, што смерць маладой жанчыны адбылася не толькі праз хваробу, але і праз “несправядлівасць, малую падтрымку, выпрабаванні, якія не скончыліся нават пасля адбыцця тэрміну”.

Прадстаўніца АПК папрасіла беларусаў звязацца з кабінетам, калі яны ведаюць пра “былых палітвязняў, якім патрэбная дапамога”. “Мы будзем старацца падтрымаць іх усімі магчымымі спосабамі”, — запэўніла яна.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы напярэдадні на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х навіну пра смерць Кандраценка, адзначыла, што “гэтай жорсткасці і несправядлівасці неабходна пакласці канец”.

Былая палітзняволеная Ганна Кандраценка, якая выйшла на волю 20 чэрвеня 2024 года, памерла з прычыны анкалагічнага захворвання сёлета 5 лютага. Жанчыне было 39 гадоў.

Кандраценка была затрыманая 5 траўня 2022 года. 12 ліпеня таго ж года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў яе вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 368 (абраза прэзідэнта), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 391 (абраза суддзі ці народнага засядацеля). Палітзняволеная была прыгавораная да 3 гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 100 базавых велічынь (на той момант 3.200 рублёў).

11 ліпеня 2023 года суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прыгаварыў яе яшчэ да 1 года зняволення паводле арт. 369 КК, сума штрафу склала 50 б.в. (на той момант 1850 рублёў). Шляхам паглынання пакаранняў канчатковы тэрмін зняволення застаўся ранейшым — 3 гады.

Прычынай пераследу, верагодна, сталі каментарыі ў інтэрнэце.

Дыягназ Кандраценка быў пастаўлены падчас адбыцця пакарання.

У 2022–2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерла не менш за сем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітвязнямі.

Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзмітрый Шлетгаўэр.

Падзяліцца: