Экскурсаводаў абавязалі ведаць “асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы”, зацверджаныя дырэктывай Лукашэнкі

14 траўня, Позірк. Садзейнічаць “умацаванню станоўчага міжнароднага іміджу краіны, прызнанню ўнікальнасці беларускай мадэлі грамадскага развіцця” абавязвае экскурсаводаў апублікаваная 14 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале пастанова Міністэрства спорту і турызму № 10 ад 30 красавіка 2025 года.
Сярод іншага гіды абавязаныя “ўдзельнічаць у захаванні гістарычнай памяці і нацыянальных каштоўнасцяў”, “садзейнічаць павышэнню прававой, палітычнай, асабістай культуры і сацыяльнай адказнасці турыстаў, экскурсантаў”.
Таксама яны павінны “ведаць асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы”, зацверджаныя дырэктывай Аляксандра Лукашэнкі № 12 ад 9 красавіка 2025 года. У сваёй прафесійнай дзейнасці гіды абавязаныя “ўкараняць напрамкі ідэалагічнай работы”.
У згаданай дырэктыве Лукашэнкі “прыярытэтнымі сферамі” названыя адукацыя, культура, навука, спорт, этнаканфесійныя адносіны, а таксама сямейная, моладзевая, інфармацыйная і гістарычная палітыка. Адной з асноўных задач ідэалагічнай працы вызначана “дасягненне разумення і шырокай падтрымкі насельніцтвам беларускай мадэлі грамадскага развіцця”. Сярод іншага дакументам таксама прадугледжана “контрпрапагандысцкая праца” па “прадухіленні або мінімізацыі негатыўнага інфармацыйнага ўплыву і распаўсюджвання ў грамадстве дэструктыўных ідэй, інфармацыі і ідэалогіі”.
1 студзеня 2023 года ўступіла ў сілу новая рэдакцыя закона аб турызме. Асобная яго частка тычыцца атэстацыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, без якой у краіне нельга займацца названай дзейнасцю.
У ліпені 2023 года ўстанавілі прафесійныя і этычныя патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.
Згодна з патрабаваннямі, экскурсаводы і гіды-перакладчыкі не павінны дапускаць “з боку турыстаў, экскурсантаў” і іншых асоб “некарэктных, правакацыйных і негатыўных выказванняў або дзеянняў”. Экскурсаводаў абавязалі “выключаць любыя формы правакацыі ў адзенні і знешнім абліччы”, выкарыстоўваць мабільны тэлефон падчас экскурсіі “выключна для вырашэння пытанняў, звязаных з ажыццяўленнем экскурсійнага абслугоўвання”, уносіць змены ў праграму “выключна па ўзгадненні з кіраўніком”.
У верасні 2024 года дэпартамент па турызме Мінспорту прызнаў недахоп экскурсаводаў. Паводле звестак ведамства, на той момант у краіне працавала больш за 1,1 тыс. атэставаных экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, за апошнія тры гады іх колькасць павялічылася больш чым на 200.
У той жа час за 2024 год колькасць экскурсаводаў, мяркуючы па публічнай інфармацыі, зменшылася. 26 верасня 2023 года дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў паведаміў, што ў Беларусі працуе прыкладна 1.200 экскурсаводаў, каля 150 з іх былі атэставаныя ў 2023 годзе. Ён адзначыў, што экскурсаводаў у краіне не хапае.
За апошнія некалькі гадоў шэраг экскурсаводаў падвергнуўся рэпрэсіям.
Вядомы мінскі экскурсавод Мікіта Моніч пасля падзей 2020 года быў звольнены з Нацыянальнага мастацкага музея, пераехаў жыць за мяжу.
У лістападзе 2021 года на 15 сутак была арыштаваная мінскі экскурсавод Аксана Манкевіч. У снежні 2022 года яе прыгаварылі да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай, а МУС уключыла ў пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”.
11 лістапада 2022 года экскурсавод Ігар Хмара быў прыгавораны да 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ паводле таго ж крымінальнага артыкула. Яго затрымалі 2 жніўня падчас беларускамоўнай экскурсіі. Быў прызнаны палітвязнем. 20 студзеня 2023 года МУС унесла Хмару ў “пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаБанкі за месяц павялічылі прыбытак амаль на 60% — даныя рэгулятара (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць юрыдычных асоб па крэдытах за год вырасла ў 7,1 разаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць прыватнага сектара па крэдытах за год вырасла ў 6,3 разаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаЗапазычанасць фізічных асоб па спажывецкіх крэдытах за год вырасла на 37,8% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства