Мінск 10:10

Рэжым Лукашэнкі будзе выкарыстоўваць для рэпрэсій пагадненні з іншымі краінамі аб выдачы, лічыць дарадца Ціханоўскай

Яўген Марозаў
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

15 траўня, Позірк. Планы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі падпісаць двухбаковыя пагадненні з шэрагам дзяржаў аб выдачы асоб азначаюць, што для беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму, пашырыцца спіс небяспечных для наведвання краін, такое меркаванне выказаў дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.

Такім чынам Марозаў пракаментаваў заявы міністра юстыцыі Яўгена Каваленкі 14 траўня ў Палаце прадстаўнікоў. У чыноўніка, які прадстаўляў законапраект аб ратыфікацыі дагавора аб выдачы паміж Беларуссю і Пакістанам, пацікавіліся, ці маюцца яшчэ праекты пагадненняў, “звязаных з выдачай асоб для прыцягнення да крымінальнай адказнасці або выканання прыгавору суда”.

“У дачыненні да дагавораў аб выдачы, магу адзначыць, што цяпер вядзецца работа з Венесуэлай, Зімбабвэ, Нігерыяй, Бразіліяй, Камбоджай і Нікарагуа, — адказаў Каваленка. — Гэта краіны, якія на слыху ў рамках нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння на палітычным, дыпламатычным узроўні. Таксама маюцца тры дагаворы, па якіх беларускім бокам усе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для іх падпісання, праведзеныя. Гэта Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Карэя (не ўдакладніў, пра якую менавіта ідзе гаворка. — “Позірк”.) і Шры-Ланка”.

Марозаў, словы якога перадае прэс-служба Ціханоўскай, канстатаваў, што “ў прававых дзяржавах практыка заключэння падобных дагавораў цалкам вітаецца і мае на мэце пазбяганне беспакаранасці за злачынствы”. “Аднак такія планы рэжыму — трывожны сігнал, таму што новыя пагадненні аб выдачы будуць выкарыстоўвацца для чарговага этапу рэпрэсій”, — лічыць ён. 

На думку Марозава, пад барацьбой са злачыннасцю “будуць хавацца спробы легалізаваць трансгранічны пераслед палітычных апанентаў, актывістаў і журналістаў, абвешчаных “крымінальнікамі” за іншадумства”.

“Рэжым спачатку сілай выціснуў дзясяткі тысяч грамадзянаў з краіны — праз катаванні, крымінальныя справы і запалохванне, — заявіў ён. — А цяпер ён імкнецца дастаць іх за мяжой — у тым ліку з дапамогай двухбаковых пагадненняў аб выдачы і каналаў, накшталт Інтэрпола, асабліва ў краінах без устойлівай прававой сістэмы. Гэта класічная падвойная віктымізацыя: спачатку — у Беларусі, затым — у выгнанні”.

“Мы, безумоўна, праінфармуем нашых міжнародных партнёраў і арганізацыі пра патэнцыйныя рызыкі выкарыстання двухбаковых пагадненняў аб выдачы для палітычна матываванага пераследу”, — дадаў дарадца Ціханоўскай.

Палата прадстаўнікоў 14 траўня таксама ратыфікавала заключанае паміж Беларуссю і Расіяй пагадненне аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў.



Падзяліцца: