Мінск 15:42

У Мінску больш за ўсё вакансій па працоўных спецыяльнасцях, кожная чацвёртая — у прамысловасці

Ілюстрацыйнае фота: агенцтва "Мінск-Навіны"

16 траўня, Позірк. Больш за 60% вакансій ад сталічных наймальнікаў прыпадае на працоўныя спецыяльнасці, вынікае са справаздачы за студзень — красавік 2025 года Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

Асноўную патрэбу ў кадрах сфармавалі прадпрыемствы прамысловасці — 25%, гандлю — 14%, аховы здароўя і надання сацыяльных паслуг, а таксама будаўніцтва — па 9%, адукацыі і транспарту — па 8%.

Пераважае попыт у сферах:

  • гандлю і грамадскага харчавання — на прадаўцоў, кухараў, кладаўшчыкоў, кантралёраў-касіраў, афіцыянтаў, работнікаў рэстарана, кухонных рабочых, мыйшчыкаў посуду, укладчыкаў-упакоўшчыкаў;
  • будаўніцтва — на муляроў, маляроў, тынкоўшчыкаў, абліцоўшчыкаў-кафляроў, электрагазазваршчыкаў, мантажнікаў будаўнічых канструкцый, дарожных рабочых;
  • транспарту — на трактарыстаў, кіроўцаў аўтамабіля, тралейбуса, пагрузчыка;
  • прамысловасці — на аператараў станкоў з праграмным кіраваннем, наладчыкаў станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем, слесараў механазборачных работ, слесараў-рамонтнікаў, слесараў-інструментальшчыкаў, камплектоўшчыкаў, токараў, фрэзероўшчыкаў, электраманцёраў, шліфоўшчыкаў, швачак;
  • ЖКГ — на дворнікаў, рабочых па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў, слесараў-сантэхнікаў, прыбіральшчыкаў тэрыторый.

Сярод спецыялістаў найбольш запатрабаваныя медыцынскія работнікі, спецыялісты ў сферы адукацыі і культуры, інжынерныя работнікі, праграмісты, фінансавыя работнікі, кіраўнікі арганізацый і іх структурных падраздзяленняў, адмыслоўцы ў розных сферах.

Паводле даных камітэта, за чатыры месяцы па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнуліся 4.798 чалавек.

На раніцу 16 траўня ў банку службы занятасці фігуравала 205.873 вакансіі па ўсёй Беларусі.

На беларускім рынку працы больш за 200 тыс. вакансій, адбываецца іх планамерны рост, заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” (інтэрв’ю выйшла 4 траўня).

Паводле слоў чыноўніцы, гэты працэс перш за ўсё “абумоўлены і змяненнем заканадаўства”: закон аб занятасці прадугледжвае абавязковае размяшчэнне кожнай вакансіі на сайце Агульнарэспубліканскага банка вакансій. Гэта дазваляе “ацаніць рынак працы”, сказала Паўлючэнка.

Як паведамляў “Позірк”, колькасць свабодных працоўных месцаў (вакансій), заяўленых арганізацыямі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, за апошнія 30 гадоў вырасла ў 8,8 раза.

У сакавіку 2025 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 146,2 тыс. чалавек — на 0,2% больш, чым у сакавіку 2024-га (4 млн 137,8 тыс.), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата.

У студзені 2025 года ў эканоміцы было занята 4 млн 131,6 тыс. чалавек, у лютым — 4 млн 141 тыс.

У першым квартале 2025 года ўзровень занятасці насельніцтва ў працаздольным узросце склаў 84,5% — на 1,6 працэнтнага пункта больш, чым за чацвёрты квартал 2024-га (82,9%).

Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў у сакавіку 2025 года склаў 2.601,8 рубля — на 173,7 рубля больш (+7,15%), чым у лютым (2.428,1). У снежні 2024-га ён быщ на ўзроўні 2.693,9 рубля, у студзені 2025-га — 2.427,4.

За год колькасць звольненых нядобрасумленных работнікаў вырасла на 2,1%

5 траўня, Позірк. З 138.955 работнікаў, звольненых у Беларусі ў студзені — сакавіку 2025 года, за прагул і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны працы пазбавілася 6,1% (8.542), праз ліквідацыю арганізацыі, скарачэнне колькасці або штата — 0,3% (467), сведчыць праведзены "Позіркам" аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. …
Падзяліцца: