Мінск 15:40

Хрэнін: Мы будзем і надалей стаяць плячо да пляча з Расіяй на варце бяспекі нашых краін

Фота: Міністэрства абароны Беларусі

16 траўня, Позірк. Міністр абароны Віктар Хрэнін і яго расійскі калега Андрэй Белавусаў узгаднілі “далейшыя крокі па падтрыманні і ўмацаванні абароннага патэнцыялу, неабходнага для прадухілення пагроз, ваеннай бяспекі і адбіцця агрэсіі ў выпадку яе развязвання”. Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага абароннага ведамства.

Сустрэча Хрэніна і Белавусава прайшла 16 траўня ў Мінску.

Паводле слоў кіраўніка Мінбароны Беларусі, “прадметная сумесная праца” ў гэтым напрамку “будзе працягнута, а ўсе дасягнутыя дамоўленасці, у тым ліку па рэалізацыі Дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, — выкананыя ў поўным аб’ёме”.

“Мы стаялі і надалей будзем стаяць плячо да пляча на варце бяспекі нашых краін і народаў і будзем прымаць усе неабходныя меры рэагавання ў выпадку любых замахаў на Рэспубліку Беларусь і Расійскую Федэрацыю”, — заявіў беларускі міністр.

Раней у гэты ж дзень на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Белавусаў назваў тры ключавыя кірункі, па якіх Масква і Мінск вядуць сумесную працу. Першым, паводле яго слоў, з’яўляецца “павышэнне зладжанасці войскаў і працы штабоў”. Галоўная падзея ў гэтым плане, паведаміў міністр абароны РФ, — маючыя адбыцца вучэнні “Захад-2025”, якія запланаваныя на пачатак восені і пройдуць адначасова на палігонах дзвюх краін.

Навучанне вайскоўцаў Беларусі ў вышэйшых навучальных установах Расіі — гэта другі кірунак, трэці, паводле слоў Белавусава, уключае двухбаковае ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета СД, якое адбылося 6 снежня 2024 года, Масква і Мінск зацвердзілі агульную канцэпцыю бяспекі і заключылі міждзяржаўную дамову аб гарантыях бяспекі.

Пасля падпісання Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным пратакола аб абмене адпаведнымі ратыфікацыйнымі граматамі 13 сакавіка ў Маскве, дагавор набыў моц.

У дакуменце замацаваныя “ўзаемныя гарантыі па ажыццяўленні неабходных мер у выпадку замахаў на бяспеку Беларусі і Расіі, а таксама Саюзнай дзяржавы ў цэлым”. Выкананне абавязацельстваў “прадугледжвае калектыўнае супрацьдзеянне аднабаковым абмежавальным мерам эканамічнага і іншага характару, выкарыстанне бакамі патэнцыялу сваіх адносін з іншымі дзяржавамі і іншымі суб’ектамі міжнароднага права для прадухілення замахаў на бяспеку, прыняцце захадаў у адказ не толькі на здзейсненыя акты агрэсіі, але і на пагрозы іх здзяйснення, а таксама неадкладнае аказанне неабходнай ваеннай, ваенна-тэхнічнай і іншай дапамогі”.

Дакумент дазваляе Расіі ствараць у Беларусі ваенныя аб’екты.

Падзяліцца: