Мінск 10:16

Ціханоўская ў Тыране вітала Зяленскага і сустрэлася з Тускам

Відэа: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай Стоп-кадр: "Позірк"

16 траўня, Позірк. Працягваць ціск на Аляксандра Лукашэнку заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская па выніках сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам 16 траўня на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці (EPC) у Тыране (Албанія).

“Польшча ведае: бяспека Еўропы не можа быць поўнай без вольнай Беларусі. Беларусы гатовыя зрабіць свой унёсак у рэгіянальны мір і стабільнасць. Ціск на дыктатараў працуе — давайце працягваць яго, пакуль свабода не пераможа”, — адзначыла палітык на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

Таксама Ціханоўская вітала на саміце прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, абмяняўшыся з ім некалькімі словамі.

“Зараз вельмі важна быць разам з Украінай і падтрымліваць украінскі народ, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба. — Спыненне расійскай агрэсіі — наша агульная мэта. Мы працуем над тым, каб Беларусь і Украіна былі вольнымі — без акупантаў, без дыктатараў, у еўрапейскай сям’і”.

Ціханоўская прымае ўдзел у шостым саміце EPC у Тыране (Албанія) 16–17 траўня.

У пленарным пасяджэнні EPC анансаваны ўдзел прадстаўнікоў краін Еўрасаюза, а таксама Албаніі, Андоры, Арменіі, Азербайджана, Босніі і Герцагавіны, Вялікабрытаніі, Грузіі, Ісландыі, Косава, Ліхтэнштэйна, Малдовы, Манака, Чарнагорыі, Паўночнай Македоніі, Нарвегіі, Сан-Марына, Сербіі, Швейцарыі, Турцыі, Украіны.

Падзяліцца: