Мінск 06:51

Пісьменніцы Святлане Курс, якая змагаецца з ракам, за няпоўныя чатыры дні сабралі амаль удвая больш за запытаную суму

Крыніца: фонд BySol

17 траўня, Позірк. Пісьменніцы Святлане Курс, якая змагаецца з анкалагічным захворваннем, за няпоўныя чатыры дні сабралі амаль удвая больш за запытаную суму.

На 15:00 17 траўня кампанія па зборы сродкаў на сайце фонду салідарнасці BySol прыцягнула 18.679 еўра.

Збор пачаўся ўвечары 13 траўня. Мэта — 10 тыс. еўра — была дасягнутая ўжо да гадзіны ночы 14 траўня. Сродкі будуць акумулявацца да завяршэння кампаніі — яшчэ 56 дзён.

У апісанні збору гаворыцца, што ў літаратара дыягнаставаны рак яечніка з метастазамі ў брушыну і лімфатычныя вузлы.

“Ужо некалькі тыдняў я адчувала, што з маім целам нешта не так: цяжар у жываце, сцісканне мачавога пузыру, стомленасць. Я лячылася ад запалення — але гэта быў анкалагічны асцыт. Усе астатнія органы ў мяне здаровыя — ныркі, печань, сэрца, лёгкія — і менавіта таму ўрачы маюць надзею: шанец на лячэнне, на працяг жыцця”, — адзначыла пісьменніца.

Святлана Курс (Ева Вежнавец) пражывае ў Варшаве. Лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца 2021 года за аповесць “Па што ідзеш, воўча?”

Падзяліцца: