Мінск 19:54

Тураператары з Беларусі заключылі 26 дагавораў на форуме ў анексаваным Крыме

19 траўня, Позірк. Тураператары з Беларусі “заключылі 26 дагавораў з рознымі [расійскімі] рэгіёнамі, у тым ліку з Крымам”, заявіў міністр турызму і курортаў анексаванага РФ украінскага паўвострава Сяргей Ганзій па выніках другога турысцкага злёту, які прайшоў пад патранажам ведамства.

Паводле слоў чыноўніка, у Крым прыехалі прадстаўнікі 70 кампаній з 15 рэгіёнаў Расіі, а таксама Беларусі.

Як адзначаецца, цэнтральнай падзеяй злёту стаў форум “Біржа кантактаў” у Ялце, дзе больш за 200 прадстаўнікоў тургаліны Крыма “ўстанавілі прамыя сувязі з калегамі з Беларусі, Татарстана, Краснадарскага краю, Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых суб’ектаў РФ”.

Для Крыма “важным прыярытэтам” застаецца далейшае “ўмацаванне сувязяў, у тым ліку эканамічных, паміж нашай рэспублікай і рэгіёнамі Беларусі”, заявіў 2 красавіка кіраўнік анексаванага Расіяй паўвострава Сяргей Аксёнаў у “віншаванні крымчан з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі”.

Паводле яго слоў, Масква і Мінск “развіваюць супрацоўніцтва і паглыбляюць інтэграцыю” ў рамках Саюзнай дзяржавы па ўсіх напрамках, “уключаючы абарону, бяспеку, міграцыйную палітыку”.

Раней пастаянны прадстаўнік прэзідэнта РФ на гэтым украінскімпаўвостраве Георгій Мурадаў заяўляў, што праца па прыцягненні турыстаў з Беларусі ў Крым з’яўляецца “прыярытэтнай для рэгіёну”.

Цяпер, паводле яго слоў, доля беларусаў сярод турыстаў, якія наведваюць Крым, невялікая.

У ліпені 2024 года ўкраінскі бок паведамляў, што Кіеву вядома прынамсі пра сем дагавораў, падпісаных беларускімі ўладамі з дзяржорганамі анексаванага Крыма.

У верасні першы намеснік пастаяннага прадстаўніка гэтага рэгіёну пры прэзідэнце РФ Міхаіл Саламенцаў заявіў, што ўлады анексаванаг паўвострава хочуць, каб “як мага больш беларусаў прыязджала ў Крым”. Ён падкрэсліў, што ў турыстычны сезон “назіраў шмат машын з беларускімі нумарамі”.

30 лістапада 2021 года ў інтэрв’ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву “Расія сёння” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — “гэта расійскі Крым”, а пасля рэферэндуму 2014 года “і дэ-юрэ Крым стаў расійскім”. Паводле яго сцвярджэння, украінскія вайскоўцы без бою аддалі Крым, баючыся, што паўвостраў пяройдзе пад кантроль НАТО.

Падзяліцца: