Мінск 19:16

Лукашэнка назваў Беларусь “надзейным сябрам” Кітая, віцэ-прэм’ер КНР лічыць стасункі паміж краінамі “беспрэцэдэнтнымі”

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

22 траўня, Позірк. Беларусь з’яўляецца “надзейным сябрам” Кітая, заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 траўня ў Мінску на сустрэчы з віцэ-прэм’ерам Дзяржаўнага савета КНР Лю Гочжунам.

“Мы жывем у даволі складаны, супярэчлівы час. Часта задумваемся, хто ж у нас сябар, хто ўжо перастаў быць сябрам, хто па той бок барыкад размясціўся, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Але вы павінны ведаць, і я ўпэўнены, што вы гэта добра ведаеце, што Беларусь з’яўляецца надзейным сябрам Кітая і кітайскага народа. Не толькі таму, што гэты складаны час і ён не просты для нашай эканомікі найперш. А таму, што мы з вамі ўжо не першае дзесяцігоддзе выбудоўваем адкрытыя сяброўскія стасункі”.

“Будзьце ўпэўненыя, што тут, у цэнтры Еўропы, вы маеце надзейных сяброў, якія гатовыя садзейнічаць не толькі нашым стасункам, але і вырашэнню тых вялікіх пытанняў, якія перад сабой ставіць Кітайская Народная Рэспубліка, рэалізуючы перш за ўсё [ініцыятыву] “Пояс і шлях” па многіх напрамках. Мы ніколі вас не падводзім і не падвядзём”.

Беларускі палітык адзначыў унёсак у развіццё двухбаковых стасункаў свайго “вялікага даўняга сябра” — старшыні КНР Сі Цзіньпіна. “Калі б не той паварот з прыходам яго да кіраўніцтва партыяй і дзяржавай, то, напэўна, гэтых дасягненняў не было б і, магчыма, мы б з вамі сёння не сустракаліся”, — сказаў ён Лю Гочжуну.

Паводле слоў Лукашэнкі, на шляху развіцця двухбаковых сувязей “заўсёды маюцца пэўныя складанасці і цяжкасці”, але ў стасунках з Кітаем, сцвярджае ён, “іх зусім няшмат”. “Да нашага задавальнення такіх праблемных пытанняў мы практычна не мелі, — заявіў спікер. — Але заўсёды маецца жаданне рухацца далей. І я ўпэўнены, што тыя кантракты, якія мы хацелі б ажыццявіць з КНР [будуць рэалізаваныя], мы хацелі б з вамі мець вельмі сур’ёзныя стратэгічныя стасункі, як мы і намецілі ў нашых дакументах”.

У сваю чаргу кітайскі госць канстатаваў, што “ў апошнія гады кітайска-беларускія стасункі дэманструюць вельмі станоўчую дынаміку развіцця і выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень усепагоднага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства”.

Паводле слоў віцэ-прэм’ера КНР, калі верыць прэс-службе Лукашэнкі, Беларусь можна “па праве назваць нязменным сябрам Кітая і кітайскага народа”.

Напярэдадні Лю Гочжун абмяркоўваў пытанні супрацы з урадам Беларусі.

Падзяліцца: