Намеснік кіраўніка МЗС Сакрэта абмеркаваў з часовым павераным па справах Італіі “перспектывы двухбаковых адносін”
23 траўня, Позірк. “Стан і перспектывы развіцця двухбаковых адносін” абмеркавалі на сустрэчы 22 траўня ў Мінску намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта і часовы павераны па справах Італіі Тамаза П’етра Маркеджані.
Прэс-служба МЗС паведамляе, што “падчас гутаркі” бакі таксама “пацвердзілі гатоўнасць да працягу палітычных кантактаў” і “абмяняліся думкамі пра актуальныя тэмы міжнароднага парадку дня”.
1 кастрычніка 2024 года паведамлялася, што Маркеджані прадстаўленыя ўмовы вядзення бізнесу ў свабодных эканамічных зонах, а таксама “асаблівасці дзейнасці і прадукцыя кампаній — рэзідэнтаў СЭЗ “Мінск”. У той дзень з дыпламатам правёў сустрэчу кіраўнік адміністрацыі СЭЗ “Мінск“ Анатоль Бубен.
Паводле сцвярджэння прэс-службы СЭЗ, Маркеджані выказаў упэўненасць, што беларуска-італьянскія адносіны “варта пашыраць і выводзіць на іншы ўзровень”.
Аб прыбыцці Маркеджані ў Беларусь амбасада Італіі паведамляла 2 лістапада 2023 года.
Пра тое, што Маркеджані прыбудзе ў статусе часовага паверанага і не будзе ўручаць даверчыя граматы, заявіў 17 кастрычніка мінулага года галоўны дарадца дэмлідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
У той жа дзень папярэдні кіраўнік італьянскай дыпламатычнай місіі ў Беларусі (амбасадар) Марыё Бальдзі апублікаваў зварот, у якім паведаміў што Маркеджані будзе “новым амбасадарам”.
Тамаза П’етра Маркеджані нарадзіўся ў Мілане ў 1967 годзе. У 1992 годзе скончыў літаратурны факультэт Міланскага ўніверсітэта. На месца часовага паверанага ў Беларусі перайшоў з пасады генеральнага консула Італіі ў Жэневе. У 2000–2004 гадах займаўся консульскай працай у Маскве, працаваў у краінах Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы. Удастоены звання кавалера ордэна “За заслугі перад Рэспублікай”.
Пасля падзей 2020 года адзінай краінай ЕС, якая накіравала ў Беларусь амбасадара, з’яўляецца Венгрыя. Астатнія дзяржавы, уключаючы Італію, абмяжоўваюцца узроўнем часовага паверанага ў справах.
У сакавіку дыпламат даў інтэрв’ю беларускаму дзяржаўнаму тэлебачанню, у якім ён быў названы амбасадарам, хоць яго статус не мяняўся.
Беларускія дэмакратычныя сілы супрацоўнічаюць з Італіяй. 3–6 сакавіка гэтую краіну наведвала Ціханоўская. У тыя дні ў Рыме прайшла другая сустрэча альянсу парламенцкіх груп “За дэмакратычную Беларусь”. Па выніках сустрэчы, 7 сакавіка, удзельнікі альянсу заявілі аб нелегітымнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 13 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаЧыстыя замежныя актывы Нацбанка выраслі ад пачатку года на 2,3%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка