Мінск 18:11

Мінсельгасхарч павысіў мінімальныя цэны на згушчанае малако для ўсіх рынкаў, акрамя расійскага

23 траўня, Позірк. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання павысіла гранічныя мінімальныя цэны на экспартаванае згушчанае малако, аднак паставак на расійскі рынак гэта не закранула, вынікае з праведзенага Позіркам” параўнання пастаноў ведамства № 36 ад 23 красавіка і № 40 ад 21 траўня 2025 года.

У прыватнасці, “малако і вяршкі, згушчаныя, у парашку, гранулах або ў іншых цвёрдых відах, з утрыманнем тлушчу больш за 1,5 мас. % , без дадання цукру або іншых падсалоджвальных рэчываў” падаражэлі для рынкаў краін ЕАЭС, СНД і па-за СНД з 3,7 да 4,2 долара за 1 кг. Для рынку РФ цана засталася на ранейшым узроўні — 400 расійскіх рублёў за 1 кг (каля 5 долараў).

Цэны на іншую экспартаваную мяса-малочную прадукцыю за няпоўны месяц не змяніліся. Захавана льготная цана для паставак на рынак Сербіі па пазіцыі “сыры іншыя”: тлустасцю 45% і ніжэй — 4,4 долара за 1 кг (для астатніх рынкаў, акрамя расійскага — 5,4 долара), тлустасцю вышэй 45% — 4,5 долара за 1 кг (5,5).

Падзяліцца: