Мінск 02:24

ЕС унёс Беларусь і яшчэ тры краіны ў спіс дзяржаў з высокай рызыкай страты лясоў

Ілюстрацыйнае фота: gorod214.by

27 траўня, Позірк. Беларусь, КНДР, М’янма і Расія ўнесеныя ў спіс краін з высокай рызыкай абязлесення (страты лясоў), які на мінулым тыдні абнародавала Еўрапейская камісія.

Большасць краін свету (140) класіфікаваныя як дзяржавы з нізкай рызыкай абязлесення. Да іх, у прыватнасці, адносяцца Латвія, Літва і Польшча, якія мяжуюць з Беларуссю. Астатнія краіны — каля 50 — аднесеныя да катэгорыі дзяржаў са “стандартнай” рызыкай.

Класіфікацыя вызначае ўзровень кантролю наглядных органаў за імпартам і экспартам тавараў, якія падпадаюць пад дзеянне Рэгламенту ЕС па барацьбе з абязлесеннем (буйная рагатая жывёла, какава, кава, алейная пальма, каўчук, соя і драўніна), і вытворных прадуктаў.

Такім чынам, адпаведная прадукцыя з Беларусі і яшчэ трох краін будзе падвяргацца найбольш жорсткім праверкам. У залежнасці ад узроўню рызыкі наглядныя органы таксама вызначаюць колькасць правяраемых аператараў на рынку гандлю драўнінай.

Аператарамі лічацца кампаніі, якія займаюцца нарыхтоўкай драўніны, яе апрацоўкай і рэалізацыяй.

На сайце юрыдычнай кампаніі Linklaters гаворыцца, што ўключэнне краін у катэгорыі рызыкі звязана з тэмпамі высечкі лясоў, пашырэннем за кошт гэтага сельскагаспадарчых угоддзяў, нарошчваннем вытворчасці прадукцыі з драўніны. Пры гэтым дзяржавы, у дачыненні да якіх уведзеныя міжнародныя санкцыі ў сферы гандлю драўнінай, аўтаматычна класіфікуюцца як краіны з высокай рызыкай.

Падзяліцца: