Мінск 01:21

Лукашэнка падпісаў указ, які дазваляе бясплатную паркоўку транспарту сілавых ведамстваў

Крыніца: brestcity.com

27 траўня, Позірк. Указ, які “карэкціруе парадак працы аўтастаянак і парковак”, падпісаў 27 траўня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

З ранейшага аналагічнага дакумента ўказам выключаецца “абавязковая ўмова па абсталяванні платных парковак прыладамі ўліку часу і разліку платы”. Таксама скасаваная неабходнасць абсталявання такіх тэрыторый “тэхнічнымі сродкамі, што перашкаджаюць выезду транспартнага сродку з паркоўкі ў выпадку неаплаты”.

Указам “удакладняюцца ўмовы арганізацыі і ўтрымання аўтапарковак, за карыстанне якімі будзе спаганяцца плата”, а таксама “вызначаюцца катэгорыі транспартных сродкаў, за паркоўку якіх плата не спаганяецца”, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі. Да такіх катэгорый дакумент адносіць транспартныя сродкі “аператыўнага прызначэння, а таксама тыя, што выкарыстоўваюцца ў мэтах забеспячэння абараназдольнасці, правапарадку, ліквідацыі надзвычайных сітуацый, надання медыцынскай дапамогі (у тым ліку хуткай), нацыянальнага аператара паштовай сувязі і іншыя”.

Пры гэтым “аўтамабільныя паркоўкі, размешчаныя на рынках, каля гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння, застаюцца бясплатнымі”, гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, што ўказ скіраваны “на зніжэнне транспартнай і экалагічнай нагрузкі на цэнтральныя часткі гарадоў, павышэнне эфектыўнасці функцыянавання парковачнай прасторы і плацежнай дысцыпліны аўтаўладальнікаў у частцы карыстання паркоўкамі”.

Парадак працы аўтамабільных парковак і стаянак, а таксама спагнання платы за іх будзе вызначаны ўрадам.

Асноўныя нормы ўказа ўступаюць у сілу праз тры месяцы.

Падзяліцца: