Мінск 21:11

Ціханоўская: Рэжым Лукашэнкі застанецца пагрозай для суседзяў — з ядзернай зброяй ці без яе

Архіўнае фота: "Позірк"

28 траўня, Позірк. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі “застанецца пагрозай” для суседзяў Беларусі — “з ядзернай зброяй або без яе”, — канстатавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Інфраструктура ўжо створаная, і Беларусь ператвараецца ў вайсковы завод для агрэсіўнай вайны Расіі. Пакуль гэты тыран ва ўладзе, ніхто ў рэгіёне не можа спаць спакойна”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Такім чынам Ціханоўская, верагодна, адрэагавала на нядаўнюю заяву кіраўніка Службы знешняй выведкі Украіны Алега Івашчанкі пра тое, што ў Беларусі маюцца носьбіты ядзернай зброі, але не сама гэтая зброя.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпісалі дагавор аб гарантыях бяспекі 6 снежня 2024 года ў Мінску ў рамках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Прэзідэнт РФ тады заявіў, што дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Паводле яго слоў, таксама гаворка ідзе пра “цэласнасць і недатыкальнасць тэрыторыі і знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, прычым з задзейнічаннем усіх існых сіл і сродкаў”.

Пуцін тады ў чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю” (ТЯЗ), размешчаную, як было заяўлена, “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі. Ён зноў паўтарыў тэзу пра магчымасць выкарыстання ТЯЗ “у абарончых мэтах у адказ на магчымы напад з прымяненнем зброі масавага паражэння або пры адбіцці агрэсіі з прымяненнем звычайнай зброі, якая стварае крытычную пагрозу для суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці”.

24 лютага 2022 года Расія развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: