Мінск 07:46

З Беларусі паказальна высылаюць грамадзяніна Туркменістана і дэпартуюць — Таджыкістана

28 мая, Позірк. Грамадзян Туркменістана і Таджыкістана (абодва 2000 года нараджэння) абавязалі пакінуць Беларусь, пра што было абвешчана на “прафілактычным мерапрыемстве“ ў аддзяленні грамадзянства і міграцыі АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна.

На мерапрыемстве прысутнічалі грамадзяне Туркменістана, якія навучаюцца ва ўстановах адукацыі горада і “працоўныя мігранты” з Азербайджана, паведаміў афіцыйны канал УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Удакладняецца, што туркмен, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, справіў патрэбу ў грамадскім месцы і зладзіў бойку “з выхадцамі з іншай замежнай дзяржавы“. Па абодвух эпізодах у дачыненні да яго былі складзеныя пратаколы паводле арт. 19.1 КаАП (Дробнае хуліганства).

Грамадзянін Таджыкістана, будучы апавешчаным аб устаноўленай яму адмове ва ўездзе ў Беларусь і неабходнасці пакінуць тэрыторыю краіны, ухіліўся ад выезду за яе межы, удакладняецца ў рэлізе.

Паводле в.а. начальніка АУС Дзмітрыя Шкадава, рашэннем мясцовых уладаў выхадзец з Туркменістана будзе “падвергнуты высылцы на паўгода”, грамадзянін Таджыкістана — дэпартацыі на той жа тэрмін.

У Гомелі ў ноч на 22 красавіка адбылася бойка паміж грамадзянамі Марока. Па версіі МУС, замежнікі “высвятлялі адносіны з-за бытавога канфлікту“. 22 красавіка МУС выступіла з заявай, у якой папярэдзіла аб незаконнасці распаўсюджвання “фэйкаў, якія спараджаюць паніку і распальваюць міжнацыянальную варожасць“.

19 траўня стала вядома, што замежнікаў выдвараюць з Беларусі.

21 траўня паведамлялася пра пастанову выслаць з Беларусі” ў добраахвотным парадку “грамадзяніна Туркменістана, які ўчыніў”правапарушэнне ў частцы выканання правілаў дарожнага руху”. Замежніку ўстаноўлена забарона на ўезд у Беларусь тэрмінам на адзін год.

У абодвух выпадках пастановы аб высылцы агучваліся публічна ў прысутнасці іншых замежнікаў.

11 красавіка па выніках сустрэчы з пакістанскім прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Мінск і Ісламабад дамовіліся выпрацаваць механізм для прыезду ў Беларусь працоўных мігрантаў з Пакістана.

25 красавіка Лукашэнка заявіў, што “зацікаўленыя“ нібыта хочуць “узбурыць беларускае грамадства” праблемай мігрантаў.

21 траўня Лукашэнка падпісаў указ“ аб павышэнні ролі наймальнікаў у галіне знешняй працоўнай міграцыі”, які прадугледжвае адказнасць працадаўцаў за замежных работнікаў па-за іх кампетэнцыяй.

Наймальнікаў абавязалі арганізоўваць кантроль за дзейнасцю і ўмовамі знаходжання мігрантаў па-за працоўнымі месцамі. Невыкананне гэтага пацягне для наймальнікаў адміністрацыйную адказнасць, а для мігрантаў — “датэрміновае скасаванне працоўнай дамовы і выезд з краіны“.

Падзяліцца: