Мінск 10:45

Лібер паведаміў пра рызыкі пераследу карыстальнікаў праекта By_Mapka

Крыніца: bymapka.me

29 траўня, Позірк. Супрацоўнікі сілавых ведамстваў “могуць прыходзіць” да карыстальнікаў праекта By_Mapka, “думаючы, што гэта і ёсць “Новая Беларусь”, такія людзі рызыкуюць стаць ахвярамі палітычных рэпрэсій, паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” ІТ-спецыяліст, заснавальнік “Новай Беларусі” Павел Лібер.

“Пакуль што мы ведаем пра два “пакаянныя відэа” пад прымусам і яшчэ адзін выпадак”, — адзначыў ён.

Паводле слоў Лібера, By_Mapka — “асобны самастойны непалітычны прадукт з асобнай камандай, які злучае людзей і бізнесы/сэрвісы за мяжой”. Ён “не мае экстрэмісцкіх статусаў, таму любы бізнес, да якога прыйшлі, можа смела пацвердзіць, што нічога не парушае і не мае нічога агульнага з дадаткам “Новая Беларусь” / Svae”.

Лібер рэкамендаваў людзям, якія непакояцца за сваю бяспеку, выдаліць інфармацыю аб сваім бізнесе з платформы By_Mapka.

“Сілавікам пажадаю лепш разабрацца ў матчасці і прадуктах і канчаткова забыцца, што хтосьці захоча вяртацца дадому, будучы абвінавачаным наогул без прычын”, — падкрэсліў заснавальнік “Новай Беларусі”.

By_Mapka, як указана на сайце праекта, — гэта платформа, якая “аб’ядноўвае беларусаў усяго свету” і якая дапамагае “знайсці якасныя паслугі і тавары ад суайчыннікаў, каб адчуваць сябе як дома ў любым пункце свету”.

Сайт прызначаны для беларусаў, якія “шукаюць паслугі “ад сваіх”: прафесіяналаў, якія разумеюць вашыя патрэбы і працуюць з душой”, а таксама для бізнесу, які хоча “расці і выходзіць на новыя рынкі”.

29 траўня Следчы камітэт паведаміў аб ідэнтыфікацыі больш за 1 тыс. карыстальнікаў, якія прайшлі рэгістрацыю ў дадатку “Новая Беларусь” і ўключаных у яе склад іншых сэрвісаў”. Заяўляецца, што ўзбуджаная крымінальная справа, ёсць затрыманыя.

Раней у сацсетках былі апублікаваныя відэа дзвюх грамадзянак Беларусі, бізнесы якіх размяшчаліся на платформе “Новая Беларусь”. Мяркуючы па змесце, відэа запісаныя пад ціскам, жанчыны знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

Платформа “Новая Беларусь” створаная 2 снежня 2022 года для анлайн-узаемадзеяння беларусаў у розных сферах. У ліку іншага на пляцоўках праекта публікуецца інфармацыя аб бізнесе беларускіх эмігрантаў у розных краінах, звычайна ў сферы паслуг.

26 снежня 2023-га “Новая Беларусь” прызнана Камітэтам дзяржаўнай бяспекі “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

18 сакавіка 2024 года Лібер прыгавораны завочна па справе аб зрыве рэферэндуму да чатырох гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 191 КК (перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненая з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб паводле папярэдняй змовы).

11 лютага 2025 года праект “Новая Беларусь” перайменаваны ў Svae.

Падзяліцца: