Мінск 23:38

Паводле даных Лукашэнкі, недабор на бюджэтныя месцы ў ВНУ складае 1,5–2%

БДУ
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба БДУ

30 траўня, Позірк. Хоць уступная кампанія ў 2025 годзе “не зведала значных змен” і праходзіць “паводле ўстоянага алгарытма”, існуе “няхай невялікі (1,5–2%)”, але недабор на бюджэтныя месцы, заявіў Аляксандр Лукашэнка на профільнай нарадзе 30 траўня ў Мінску.

“Мы мусім рабіць захады, каб гэтыя месцы былі занятыя, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Мы ж рыхтуем за кошт бюджэту тых спецыялістаў, што вельмі патрэбныя для народнай гаспадаркі”.

Раней у інтэрв’ю дзяржвыданню “Настаўніцкая газета” начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў паведаміў, што ў 2025 годзе беларускія універсітэты прымуць на навучанне 48,3 тыс. чалавек, з іх на бюджэтную форму — 31,8 тыс.

Паводле яго слоў, колькасць бюджэтных месцаў павялічаная на 400 на спецыяльнасці медыцынскага, педагагічнага і інжынернага профіляў.

У 2024 годзе планавалася прыняць 50,6 тыс. абітурыентаў, з іх 31,4 тыс. — на бюджэтную форму навучання.

Беларускія ВНУ падчас уступнай кампаніі ў 2024 годзе недабралі 870 студэнтаў, паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец на пашыраным педсавеце 27 жніўня 2024 года з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Недабор каля 500 студэнтаў, паводле слоў кіраўніка Мінадукацыі, зафіксаваны на аграрныя спецыяльнасці, каля 120 — на спецыяльнасці інжынернага профілю.

Аб’ём падрыхтоўкі інжынерных кадраў у Беларусі “пакуль не адпавядае патрэбам эканомікі”, паведаміў 17 снежня 2024 года на нарадзе ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце Раман Галоўчанка, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра.

Паводле слоў чыноўніка, “набор на тэхнічныя спецыяльнасці ніжэйшы за замову арганізацый на падрыхтоўку такіх кадраў”.

“У 2023 годзе на інжынерныя спецыяльнасці залічана 16 з невялікім тысяч абітурыентаў, а ў год іх выпуску з ВНУ, гэта значыць у 2027 годзе, заказ складае ўжо 21,5 тысячы чалавек, — сказаў ён. — То бок рэальны сектар можа недаатрымаць каля 5 тысяч маладых інжынераў”.

У асобных тэхнічных ВНУ, сцвярджаў Галоўчанка, “значна састарэла” матэрыяльна-тэхнічная база і кадравы склад, “да якога таксама можна прымяніць гэтае вызначэнне”.

Праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата паказаў, што колькасць устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі скарацілася са 166 у 2023/2024 навучальным годзе да 162 у 2024/2025 навучальным годзе (-2,41%), колькасць навучэнцаў у іх вырасла з 63,1 тыс. да 67,5 тыс. да 67,5 тыс.

Колькасць вышэйшых навучальных устаноў у краіне за гэты час скарацілася з 49 да 47 (-4,08%), колькасць студэнтаў — з 232,9 да 224,2 тыс. (-3,45%).

Падзяліцца: