Мінск 23:47

Золатавалютныя рэзервы Беларусі неўзабаве перавысяць 11 млрд долараў, прагназуе кіраўнік Нацбанка

Кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка з золатам
Ілюстрацыйнае фота: "Гомельская праўда"

31 траўня, Позірк. У “найбліжэйшы час” золатавалютныя рэзервы Беларусі перавысяць 11 млрд долараў, спрагназаваў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка ў інтэрв’ю, якое выйшла 30 траўня на тэлеканале АНТ.

Паводле даных рэгулятара, на 1 траўня 2025 года міжнародныя рэзервовыя актывы краіны дасягнулі 10 млрд 942,3 млн долараў у эквіваленце. За красавік яны выраслі на 872,8 млн (+8,7%).

Манетарнае золата ў структуры ЗВР склала 5 млрд 719,3 млн долараў (+326,3 млн за месяц; +6,1%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 402,5 млн (+33,3 млн.; +2,4%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 3 млрд 851,5 млн (+513,1 млн; +15,5%).

Паводле слоў Галоўчанкі, рост золатавалютных рэзерваў склаўся “за кошт некалькіх фактараў”. Ключавым ён назваў “правільна выбраную палітыку” па кіраванні імі.

“Дзяржава вызначае сама, у чым захоўваць гэтыя рэзервы, з якой прапорцыяй, у якіх актывах. Яны могуць быць абсалютна розныя: гэта можа быць і замежная валюта, і каштоўныя камяні, і каштоўныя металы, і акцыі, аблігацыі — цэлы шэраг інструментаў выкарыстоўваецца, — адзначыў чыноўнік. — Абраная намі палітыка <…> прынесла нам вельмі нядрэнны даход за кошт таго, што значную частку сваіх актываў мы трымалі ў манетарным золаце і іншых высокаліквідных актывах. Кошт золата, які вырас на сусветным рынку, вельмі актыўна згуляў на ўмацаванне нашых рэзерваў”.

Другім фактарам, што паўплываў на рост міжнародных актываў, Галоўчанка назваў “чысты продаж валюты насельніцтвам і суб’ектамі гаспадарання”. “Мы яе скупляем і, калі так можна сказаць, кладзем пад вялікую дзяржаўную падушку”, — заявіў ён.

Раней праведзены “Позіркам” аналіз даных рэгулятара паказаў, што чыстыя замежныя актывы Нацбанка за першыя чатыры месяцы 2025 года выраслі на 0,4% (з 32 млрд 673,6 млн на 1 студзеня да 32 млрд 802,3 млн рублёў на 1 траўня).

Афіцыйны курс долара ў Беларусі за першую траціну гэтага года знізіўся на 12,16% (з 3,4735 да 3,0512 рубля). Гэта другі паказчык на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў на 31 снежня 2024 года і 30 красавіка 2025-га (па выніках студзеня, студзеня — лютага, студзеня — сакавіка таксама другое месца, -1,73%, -8,54%, -10,25% адпаведна).

У студзені — красавіку 2025 года насельніцтва Беларусі выступіла чыстым прадаўцом замежнай валюты.

Фізічныя асобы набылі замежнай валюты на 3 млрд 959,2 млн долараў (тут і далей у акругленым да дзесятых значэнні і ў эквіваленце), прадалі — на 4 млрд 196,9 млн (адмоўнае сальда — 237,7 млн).

Наяўнай валюты набыта на 2 млрд 565,6 млн, прададзена — на 3 млрд 260,4 млн (-694,8 млн), безнаяўнай — на 1 млрд 393,6 млн і 936,5 млн адпаведна (+457,1 млн).

Падзяліцца: