Мінск 04:55

У МЗС няма інфармацыі пра беларусаў, якія пацярпелі ў РФ з-за абвальвання моста на пасажырскі цягнік

1 чэрвеня, Позірк. Амбасада Беларусі ў РФ “знаходзіцца ў пастаянным кантакце” з расійскім бокам у сувязі са “здарэннем на чыгунцы ў Бранскай вобласці”, інфармацыя аб загінулых або пацярпелых суайчынніках у дыпмісіі “адсутнічае”, паведамляе Міністэрства замежных спраў.

“Беларускія дыпламаты працягваюць сачыць за развіццём сітуацыі, Экстранныя тэлефоны амбасады і генконсульстваў працуюць у стандартным рэжыме”, — прыводзяць дзяржСМІ паведамленне ведамства.

31 траўня ў 22:44 у Выганіцкім раёне Бранскай вобласці абрынуўся аўтамабільны мост. Гэта адбылося, калі пад мостам праязджаў пасажырскі цягнік Клімаў — Масква. У выніку падзення канструкцый з рэек сышлі лакаматыў і чатыры вагоны.

Паведамлялася аб гібелі ў выніку аварыі сямі чалавек, пацярпела 69, шпіталізавана 47.

Кіраўнік Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз паведаміў у эфіры тэлеканала “Расія-24”, што інцыдэнт адбыўся з-за “падрыву моста”, у цягніку знаходзіла 388 чалавек.

Здарэнне ў Бранскай вобласці паўплывала на графік руху пасажырскіх цягнікоў. 1 чэрвеня Беларуская чыгунка, у прыватнасці, паведаміла аб змене маршруту цягніка № 489 Анапа — Мінск.

Падзяліцца: