Мінск 06:17

Трэцяя Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы пройдзе напрыканцы кастрычніка

Другая канферэнцыя па еўразійскай бяспецы ў Мінску (кастрычнік 2024)
Архіўнае фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

3 чэрвеня, Позірк. Трэцяя Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы пройдзе 28–29 кастрычніка, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслана Варанкова.

Паводле слоў прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства, на форуме плануецца “працягнуць дыялог” па пытаннях “фармвання роўнай і непадзельнай архітэктуры бяспекі на еўразійскай прасторы”, а таксама “шматпалярнага і справядлівага светапарадку”.

Першая канферэнцыя “Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармаваным свеце” прайшла ў Мінску 26–27 кастрычніка 2023 года. Паводле інфармацыі МЗС, у ёй узялі ўдзел прадстаўнікі 24 краін.

У вітальным пасланні ўдзельнікам форуму Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што “складаную задачу па недапушчэнні войн і ўзброеных канфліктаў павінны вырашаць людзі добрай волі ва ўсіх краінах і на ўсіх кантынентах”. “Гарантыі спакою і ўстойлівага развіцця”, заявіў ён тады, ствараюцца “намаганнямі па падтрыманні міру, вырашэнні рознагалоссяў, што ўзнікаюць, дыпламатычнымі шляхамі”. На той момант больш як паўтара года ішла поўнамаштабная вайна РФ супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскве.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, у другой канферэнцыі (31 кастрычніка — 1 лістапада 2024 года) удзельнічалі госці з “каля 45 краін”.

Лукашэнка з’явіўся на яе асабіста, заявіў з трыбуны, што Украіна на полі бою не пераможа, і гэта, паводле яго сцвярджэння, разумеюць і ў Кіеве, і на Захадзе.

“Апошнім часам у перагаворах з Захадам я заўважыў, што яны нарэшце пачалі разумець маю формулу, калі я ім казаў: не бывае так <…>, што адзін бок вінаваты. Абавязкова ў нечым вінаваты і другі бок. Вінаватыя абодва бакі”, — сказаў тады спікер.

Падзяліцца: