Мінск 07:54

Улады Беларусі “адкрытыя да дыялогу” з ЗША “па ўсіх напрамках”, заяўляе МЗС

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

3 чэрвеня, Позірк. Улады Беларусі бачаць “патэнцыял узаемадзеяння з цяперашняй адміністрацыяй ЗША і адкрытыя да дыялогу па ўсіх напрамках”, заявіў агенцтву ТАСС прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў.

Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства сказаў пра гэта ў кантэксце адказу на пытанне пра нядаўняе вызваленне фігуранта “справы змоўшчыкаў” беларуска-амерыканскага юрыста Юрыя Зянковіча.

“Для цяперашняй адміністрацыі прэзідэнта ЗША было важна, каб спадар Зянковіч, які быў у вызначаным парадку прызнаны вінаватым у здзяйсненні цяжкіх злачынстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, быў вызвалены, — адзначыў Варанкоў. — Зразумела, гэта было зроблена па выніках чыстасардэчнага прызнання і звароту на адрас кіраўніка дзяржавы аб памілаванні”.

Пра тое, што Зянковіч выйшаў на волю, стала вядома ўвечары 30 красавіка. Мужчына з’ехаў з Беларусі ў Літву, а адтуль у ЗША. Неўзабаве пасля гэтага экс-палітвязень сабраў прэс-канферэнцыю, на якой паведаміў, што яго вызваленне стала магчымым дзякуючы амерыканскаму прэзідэнту Дональду Трампу, у працэсе бралі ўдзел мінімум 15 дыпламатаў.

5 верасня 2022 года Мінскі абласны суд прыгаварыў Зянковіча да 11 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў “змове з мэтай захопу ўлады”, стварэнні і кіраўніцтве “экстрэмісцкім фарміраваннем”, “закліках да захопу ўлады” ды інш. Пасля суд Ленінскага раёна Магілёва дадаткова прыгаварыў мужчыну да 2 гадоў зняволення за “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы”.

Падзяліцца: