Мінск 11:06

АПК заклікаў выпускнікоў звяртацца па кансультацыі пры паступленні ў замежныя ВНУ

4 чэрвеня, Позірк. З заявай аб супрацьдзеянні ўладаў паступленню беларускіх выпускнікоў у замежныя ВНУ выступіла ў тэлеграм-канале Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) яго прадстаўніца па маладзёжнай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава.

Звяртаючыся да выпускнікоў, якія сутыкаюцца з такімі перашкодамі і ціскам, Ворыхава адзначыла: “Міністэрства адукацыі ўжо забараніла выпускнікам здаваць некалькі тэставанняў па розных прадметах, абмяжоўвае профілі паступлення, перашкаджае ў атрыманні дакументаў для навучання за мяжой, працягвае аказваць ціск на выкладчыкаў, калі іх вучні выбіраюць навучанне ў іншых краінах”.

“Гэта і ёсць аўтарытарызм — не толькі пагрозы і дубінкі, але і спалучэнне нявызначанасці, непразрыстасці, маўчання з ідэалагічным кантролем. Страх расце па ланцужку — ад настаўніка да бацькоў. І мэта тут адна. Каб вы не спрабавалі. Каб баяліся. Каб вашай адзінай будучыняй была праца на рэжым”, — сказала Ворыхава.

Яна нагадала пра платформу “Гэта моладзь” і заклікала выпускнікоў звяртацца праз яе да АПК па кансультацыі з нагоды атрымання далейшай адукацыі.

“Страх не павінен вызначаць ваш адукацыйны шлях”, — падкрэсліла прадстаўніца кабінета, адзначыўшы неабходнасць захавання мер бяспекі.

Пра тое, што дзяржорганы на розным узроўні перашкаджаюць паступленню выпускнікоў у замежныя ВНУ, рэгулярна паведамляюць незалежныя СМІ. Маладыя людзі сутыкаюцца са складанасцямі ў своечасовым атрыманні атэстатаў аб сярэдняй адукацыі, апастыляванні дакументаў, ціск аказваецца на школьных настаўнікаў.

Пра адток моладзі за мяжу 17 красавіка выказаўся міністр адукацыі Андрэй Іванец у каментары тэлеканалу “Беларусь 1”: “Сёння мы, вядома, павінны нашым хлопцам, нашым школьнікам, нашым бацькам школьнікаў распавядаць пра дасягненні нашай адукацыі, таму што часцяком мы пра гэта сціпла кажампаводзімся, не гаворым, саромеемся паказаць”.

Таксама міністр лічыць, што ў Еўропе беларусы атрымліваюць няякасную адукацыю.

Беларускія ВНУ падчас уступнай кампаніі ў 2024 годзе недабралі 870 студэнтаў, паведаміў Іванец на пашыраным педсавеце 27 жніўня 2024 года з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Недабор каля 500 студэнтаў, паводле слоў кіраўніка Мінадукацыі, зафіксаваны на аграрныя спецыяльнасці, каля 120 — на спецыяльнасці інжынернага профілю.

Летась планавалася прыняць на навучанне 50,6 тыс. абітурыентаў, з іх 31,4 тыс. — на бюджэтную форму.

Праект “Гэта Моладзь” — ініцыятыва, створаная прадстаўніцтвам па моладзі Аб’яднанага пераходнага кабінета, “каб падтрымаць маладых беларусаў і беларусак у любы час і ў любым пункце свету”. Місія праекта — “абарона правоў маладых людзей, прадастаўленне ім доступу да магчымасцяў і падтрымкі іх актыўнага ўдзелу ў пабудове дэмакратычнай Беларусі”. Праект прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Гл. таксама:

Паступленне і пакаранне. Як улада перашкаджае беларусам вучыцца за мяжой

Падзяліцца: