Мінск 11:06

Рэктары ВНУ на вайсковых зборах адпрацуюць вядзенне баёў у населеных пунктах

Фота: Мінабароны

4 чэрвеня, Позірк. Аб правядзенні ў Гродзенскім гарнізоне вучэбна-метадычных збораў “з рэктарамі ўстаноў вышэйшай адукацыі” паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Гаворка, як удакладняецца, пра кіраўнікоў ВНУ, у якіх “ёсць ваенныя факультэты і кафедры”.

Заняткі праходзяць пад кіраўніцтвам намесніка міністра абароны Аляксандра Навуменкі.

Акрамя кіраўнікоў ВНУ, у зборах прымаюць удзел начальнікі ваенных факультэтаў і кафедраў, прадстаўнікі ваенна-медыцынскага інстытута Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта.

Заяўляецца, што праграмай збораў прадугледжаныя “штурм апорнага пункта, вядзенне баявых дзеянняў у населеным пункце, тэорыя і практыка з асноўнымі відамі стралковай зброі”.

Паводле слоў Навуменкі, такія зборы праводзяцца штогод, месца іх правядзення “змяняецца з улікам асаблівасцяў і дасягненняў той ці іншай ВНУ”.

“Сёння мы дэманструем узаемадзеянне, узаемадапамогу ў інтарэсах вайсковай падрыхтоўкі студэнтаў, курсантаў вайсковай навучальнай установы і ваеннаслужачых у інтарэсах воінскіх часцей гарнізона. Гэтая ўзаемадапамога важная і ў пытаннях ваенна-патрыятычнага выхавання”, — падкрэсліў намеснік кіраўніка Мінабароны.

У Вайсковай акадэміі Беларусі пад кіраўніцтвам намесніка міністра абароны Андрэя Жука 15 лютага 2024 года прайшоў “інструктарска-метадычны занятак па агнявой падрыхтоўцы з кіруючым складам устаноў вышэйшай адукацыі”.

“Асаблівая ўвага была нададзена курсам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, якія будуць уведзены ва ўсіх беларускіх ВНУ з 1 верасня 2024 года. Удзельнікам мерапрыемства былі прадэманстраваныя элементы заняткаў па тактычнай медыцыне, інжынернай падрыхтоўцы, радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароне”, — паведамляла Мінабароны.

Рэктары ВНУ “спаборнічалі ў стральбе з пісталета Макарава”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: