Мінск 20:56

Дзяржстандарт зняў эмбарга з алтайскай грэчкі, якое дзейнічала амаль паўгода

5 чэрвеня, Позірк. Аб паспяховасці перамоў Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі і Рассельгаснагляду аб аднаўленні паставак у краіну грачанай крупы з Алтайскага краю (РФ) паведаміла прэс-служба федэральнага цэнтра ацэнкі бяспекі і якасці прадукцыі аграпрамысловага комплексу (ФЦАБ АПК).

Як адзначаецца, бакі правядуць работу па “ўдакладненні міждзяржаўных стандартаў і ўніфікацыі методык лабараторнага кантролю якасці грачанай крупы”.

Забарона з 11 снежня 2024 года была ўведзеная па выніках выпрабаванняў, згодна з якімі “паказчык па разварваемасці“ склаў 29 хвілін пры норме не больш за 25 хвілін. Дзяржстандарт на падставе гэтага канстатаваў, што “прадукцыі надалі знешні выгляд і асобныя ўласцівасці, але пры гэтым яна не можа быць ідэнтыфікаваная як прадукцыя, за якую выдаецца”.

Крупа была ўнесеная ў рэестр небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарту, паколькі не адпавядае патрабаванням тэхрэгламентаў Мытнага саюза па бяспецы і маркіроўцы “ў частцы надання дакладнай інфармацыі аб назве прадукту“.

Невядома, ці звязанае зняцце эмбарга з праблемамі на харчовым рынку Беларусі: на адсутнасць грэчкі спажыўцы даўно не скардзіліся. Больш за тое, рэгіянальныя ўлады дазволілі вываз гэтага прадукту з Беларусі. У прыватнасці, з 17 студзеня да канца 2025 года фізічныя асобы могуць без абмежаванняў вывозіць яе ў Літву і Польшчу з тэрыторыі Гродзенскай вобласці, а з 28 студзеня — Віцебскай.

Раней паведамлялася, што ў Мінску падпісаная дамова на пастаўку з Кыргызстана ў Беларусь бульбы, яблыкаў, морквы, капусты, цытрусавых.

27 траўня ўрад зняў забарону на ўвоз у Беларусь з “недружалюбных краін“ дэфіцытных бульбы, цыбулі, белакачаннай капусты і яблыкаў.

Падзяліцца: