Мінск 18:25

Мінінфарм абмежаваў доступ да 18 тыс. рэсурсаў, да больш як 3 тыс. — толькі за 2024 год

6 чэрвеня, Позірк. Міністэрства інфармацыі “сумесна з праваахоўнымі органамі” ўжо абмежавала дзейнасць 18 тыс. інфармацыйных рэсурсаў, з іх амаль 7 тыс. прызнаныя экстрэмісцкімі, заявіў 6 чэрвеня міністр інфармацыі Марат Маркаў у межах “V Форума медыйнай супольнасці Беларусі”, паведамляюць дзяржаўныя СМІ. Мерапрыемства з удзелам праўладных журналістаў праходзіць у Гомелі.

Толькі ў 2024 годзе было заблакавана больш за 3,15 тыс. рэсурсаў, удакладніў ён: “І за пяць месяцаў 2025-га мы ўжо дасягнулі гэтай лічбы”, “мы дагналі гэтыя паказчыкі”.

Маркаў сцвярджае, што “інфармацыйная вайна” ў Беларусі “працягваецца і нават узмацняецца” і “ўскосна пра гэта можна меркаваць па росце кольскасці экстрэмісцкіх рэсурсаў і вынаходлівасці метадаў інфармацыйнага расхіствання нашай краіны”.

“Шкоднымі для дзяцей” прызнана 110 кніг, сказаў чыноўнік: “Яны наўпрост з’яўляюцца крыніцай прапаганды гвалту, жорсткасці, парнаграфіі, ужывання наркотыкаў і іншага”.

Мінінфарм, паводле кіраўніка ведамства, працягне працу з кіраўнікамі маркетплэйсаў і распаўсюднікаў выданняў, арыентуючы іх на “самастойнае захаванне кніжнай гігіены”: “Таксама яны павінны перагледзець усіх сваіх кантрагентаў, што запаўняюць нашу краіну кніжным шлакам насуперак маральным прынцыпам і сумленню. На жаль, нямала людзей, якія бачаць толькі рубель, і сярод распаўсюднікаў кніжнай прадукцыі”.

Паводле сцвярджэння міністра, калі “не перамагчы ў <…> інфармацыйных бітвах”, давядзецца “ўвайсці ў гарачую фазу, у сапраўдную вайну”. “Бо калі мы пачынаем рыхтавацца да мінулай вайны, то будуць прыкладна падзеі 1941 года. Калі да будучай — тады 1945-га”, — дадаў ён, маючы на ўвазе напад Германіі на СССР і перамогу ў Другой сусветнай вайне.

Чыноўнік таксама сцвярджае, што за два апошнія гады давер да дзяржаўных СМІ “вырас на 20% і ацэньваецца ў 60%”.

У лютым Маркаў паведамляў, што ў Беларусі да 15.150 інтэрнэт-рэсурсаў, якія, паводле яго выраза, “супярэчаць інтарэсам дзяржавы”, доступ быў заблакаваны. Пры гэтым толькі за студзень падчас выбарчай кампаніі абмежаваны доступ да 2,2 тыс. такіх рэсурсаў.

У верасні 2024 года ён заяўляў, што больш за 5 тыс. інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі прызнаныя “экстрэмісцкімі”, усяго “прынята рашэнне аб абмежаванні доступу да амаль 14 тыс. інтэрнэт-рэсурсаў”.

Паводле слоў кіраўніка Мінінфарма, з студзеня 2015-га па студзень 2020-га было заблакавана каля 400 інтэрнэт-рэсурсаў, пасля чаго колькасць блакіровак павялічылася ў 10 разоў.

У 2023 годзе ведамства заблакавала доступ да 3.388 рэсурсаў і іх “люстэркаў”, што датычацца продажу наркотыкаў, парнаграфіі, “рэкрутынгу і расповедаў” пра розныя “экстрэмісцкія фарміраванні”, паведамляў раней намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, былы кіраўнік міністэрства Уладзімір Пярцоў.

Пасля падаўлення маштабных пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў рэжым Лукашэнкі стаў метадычна знішчаць непадкантрольную яму частку медыясектара. Асноўныя незалежныя СМІ былі разгромлены, многія іх супрацоўнікі трапілі пад крымінальны пераслед або былі вымушаныя пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсій, і аднавіць працу за мяжой.

Дзейнасць і матэрыялы незалежных СМІ мэтанакіравана абвяшчаюцца “экстрэмісцкімі”, за супрацоўніцтва з імі пагражае крымінальная адказнасць.

28 траўня паведамлялася, што сілавікі прыйшлі ў рэдакцыі рэгіянальных незалежных выданняў “Вольнае Глыбокае” (Віцебская вобласць), “Бабруйск Інфа” і “Вечаровы Бабруйск” (Магілёўская).

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі знаходзяцца 39 прадстаўнікоў медыя.

Падзяліцца: