Польшча падоўжыла дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю яшчэ на 90 дзён

7 чэрвеня, Позірк. Пастанову, якая падаўжае дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю яшчэ на 90 дзён, падпісаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) Польшчы Томаш Сямоняк, паведаміла 7 чэрвеня прэс-служба МУСіА.
Рашэнне набудзе моц 8 чэрвеня.
Буферная зона пачала дзейнічаць 13 чэрвеня 2024 года, дагэтуль тэрмін яе дзеяння падаўжалі тройчы: з 11 верасня па 9 снежня 2024 года, з 10 снежня па 9 сакавіка 2025-га, з 10 сакавіка па 7 чэрвеня. За час дзеяння буфера (МУСіА кажа пра 372 дні, хаця прайшло 359) колькасць спробаў скарацілася “прыкладна на 28%”.
Праведзены “Позіркам” аналіз штодзённых даных Памежнай аховы Польшчы паказаў, што колькасць спробаў мігрантаў нелегальна трапіць на польскую тэрыторыю з боку Беларусі за 359 дзён дзеяння буфернай зоны знізілася на 30,8% у параўнанні з 359 днямі да яе ўвядзення — з 32.385 (14 чэрвеня 2023 года — 12 чэрвеня 2024-га) да 22.415 (13 чэрвеня 2024 года — 6 чэрвеня 2025-га).
Паводле сцвярджэння МУСіА, буферная зона “перш за ўсё скіраваная супраць перавозчыкаў, якія бяруць на сябе адказнасць за перамяшчэнне асоб праз мяжу”. “За 2024 год супрацоўнікі Памежнай аховы выставілі абвінавачанні ў арганізацыі і дапамозе ў незаконнай міграцыі 597 асобам, у тым ліку з Украіны (280), Польшчы (87), Беларусі (50) і Грузіі (30). У дачыненні да 155 чалавек ужыты часовы арышт”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што ціск ствараюць “замежнікі з дзяржаў з высокай міграцыйнай рызыкай, арганізаваныя ў групы, што часта налічваюць некалькі дзясяткаў чалавек, якія спрабуюць незаконна перасекчы мяжу Беларусі з Польшчай”.
“Іх дзеянні добра арганізаваныя і скаардынаваныя. Мігранты ігнаруюць заклікі выконваць закон, — заявіла МУСіА. — Таксама здараюцца прамыя напады на польскіх супрацоўнікаў і вайскоўцаў з выкарыстаннем нажоў ці іншых небяспечных прадметаў. Гэты ціск штучна створаны ўладамі Беларусі як частка гібрыдных дзеянняў, скіраваных на дэстабілізацыю Польшчы і іншых краін Еўрасаюза”.
Адзначаецца, што “часовая забарона знаходжання ў прыгранічнай зоне гарантуе бяспеку супрацоўнікаў Памежнай аховы, паліцыі і вайскоўцаў”. Падаўжэнне дзеяння буфернай зоны, як сцвярджаецца, “аблегчыць працы па мадэрнізацыі загароды і абмяжуе актыўнасць груп кантрабандыстаў, што адпавядае міжнародным абавязацельствам Польшчы”.
Буфер па-ранейшаму ахоплівае “ўчастак мяжы даўжынёй 78,29 км, што месціцца ў межах тэрытарыяльнай юрысдыкцыі памежных атрадаў у Міхалове, Нараўцы, Белавежы, Дубічах Царкоўных і Чарэмсе”. “На ўчастку даўжынёй 59,24 км зона забароны распаўсюджваецца на 200 метраў ад лініі дзяржаўнай мяжы. Пры гэтым на ўчастку даўжынёй 15,26 км, размешчаным у раёне прыродных запаведнікаў, зона шырэйшая і складае прыкладна 2 км, а на ўчастку прыкладна 3,79 км яе шырыня ўглыб тэрыторыі дасягае каля 4 км”, — нагадала ведамства.
Міграцыйны крызіс на мяэы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо іх туды “паклікалі”.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства6 чэрвеня ў Беларусі зафіксаваны новы тэмпературны рэкорд дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь застаецца на перадапошнім месцы ў ЕАЭС паводле ўзроўню намінальнага заробкуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства