Мінск 17:33

Палітвязень Вітольд Ашурак, які памёр 4 гады таму ў калоніі, сёння мусіў бы выйсці на волю

Партрэт Ашурка на акцыі салідарнасці ў Вільнюсе
Архіўнае фота: "Позірк"

9 чэрвеня, Позірк. 50-гадовы палітвязень Вітольд Ашурак, які памёр 21 траўня 2021 года пры нявысветленых абставінах у шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць), сёння, 9 чэрвеня 2025-га, мусіў бы выйсці на волю.

У дзень, калі актывіст павінен быў вызваліцца, праваабарончы цэнтр “Вясна” нагадаў, што першапачаткова Ашурка затрымалі 9 жніўня 2020 года і арыштавалі на 20 сутак: за ўдзел у акцыі — на 15, за “непавагу да суда” — 5 (мужчына не ўстаў, калі ў залу пасяджэння зайшоў суддзя).

19 верасня таго ж года Ашурка зноў арыштавалі ў адміністрацыйным парадку, а праз месяц яму выставілі крымінальнае абвінавачанне.

18 студзеня 2021 года суддзя Максім Філатаў з суда Лідскага раёна (Гродзенская вобласць) прыгаварыў Ашурка да 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Расследаванне смерці палітвязня было замарожанае і дэ-факта не вядзецца.

У гадавіну смерці Вітольда Ашурка — 21 траўня — дэмакратычная грамадскасць з ініцыятывы праваабаронцаў праводзіць Міжнародны дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

Падзяліцца: