Лукашэнка разлічвае на “актывізацыю адносін” з Філіпінамі па “многіх напрамках“
12 чэрвеня, Позірк. Аб жаданні прадоўжыць узаемную падтрымку на розных сусветных пляцоўках гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі на імя прэзідэнта Філіпін Фердынанда Маркаса-малодшага з Днём незалежнасці.
На думку віншавальніка, якую прыводзіць яго прэс-служба, “нягледзячы на значную геаграфічную адлегласць, погляды Мінска і Манілы супадаюць па многіх пытаннях міжнароднага і двухбаковага парадку дня“.
Лукашэнка падкрэсліў гатоўнасць да актывізацыі адносін з Філіпінамі па многіх напрамках. “Для сістэматызацыі і пашырэння ўзаемадзеяння мы прапанавалі стварыць беларуска-філіпінскую міжурадавую камісію па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве“, — адзначыў ён. У гэтым пытанні, адзначана ў пасланні, надзеі ўскладаюцца на філіпінскага прэзідэнта.
Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі былі ўсталяваныя 22 траўня 1996 года.
Амбасадар Беларусі ў гэтай краіне (па сумяшчальніцтве) і Інданезіі Раман Раманоўскі, уручаючы 14 траўня 2024 года даверчыя граматы Маркосу-малодшаму, заявіў, што “спадзяецца на ўмацаванне канструктыўнага двухбаковага супрацоўніцтва Філіпін і Беларусі“ ў розных сектарах. Сярод іншага ён згадаў гандаль, інвестыцыі, харчовую бяспеку, навуку і адукацыю, шматбаковае супрацоўніцтва ў рамках розных арганізацый.
28 кастрычніка 2024 года ў Маніле першы намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Сяргей Лукашэвіч і намеснік сакратара замежных спраў Філіпін Тэрэза Лазара правялі першы раўнд палітычных кансультацый” на ўзроўні знешнепалітычных ведамстваў. Беларускі МЗС паведаміў тады, што бакі абмеркавалі “стан і перспектывы двухбаковых адносін, падрабязна спыніліся на выпрацоўцы інстытуцыйных механізмаў узаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, дамовіліся максімальна садзейнічаць развіццю дагаворна-прававой базы”, парафіравалі праект міжурадавага пагаднення аб адмене візавых патрабаванняў для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў.
На сайце філіпінскага прэзідэнта паведамляецца, Беларусь займае 83-е месца сярод гандлёвых партнёраў Філіпін, аб’ём узаемнага гандлю ў 2023 годзе склаў 10,1 млн долараў.
За апошнія некалькі гадоў дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненні да Беларусі мноства абмежавальных мер. Санкцыі ўводзіліся за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае падаўленне распачатых пасля іх пратэстаў, прымусовую пасадку ў Менску самалёта Ryanair і наступны арышт апазіцыянераў, якія ляцелі на ім, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЕЗ, дапамогу Расеі ў вайсковай агрэсіі супраць Украіны. У гэтых абставінах рэжым Лукашэнкі спрабуе выбудоўваць палітычныя і эканамічныя сувязі з дзяржавамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, якія ў Менску называюць “далёкай дугой”.
Доктар эканамічных навук Леў Львоўскі раней заявіў “Позірку”, што спробы ўладаў знайсці гандлёвых партнёраў у гэтых краінах марныя і носяць фактычна “фармальны характар”.
Па выніках 2024 года Беларусь падзяліла з Філіпінамі 114-е месца ў “Індэксе ўспрымання карупцыі”, які штогод вылічаецца міжнароднай няўрадавай арганізацыяй Transparency International (штаб-кватэра ў Берліне).
Беларусь разам з Філіпінамі знаходзіцца ў дзясятцы найгоршых краін для працоўных згодна з глабальным індэксам па выкананні правоў, апублікаваным Міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў.
- Палітыка
- ЭканомікаУ траўні сярод несезонных тавараў найбольш даражэлі какава-парашок і цэмент (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаХроніка палітычных рэпрэсій за 11–12 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка