Мінск 14:03

Кіраўнік Генштаба Муравейка паведаміў пра стварэнне беспілотных войскаў у складзе УС

13 чэрвеня, Позірк. У структуры Узброеных сіл “у якасці самастойнага кампанента” створаныя “войскі беспілотных авіяцыйных комплексаў”, паведаміў начальнік Генеральнага штаба УС — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.

13 чэрвеня ён выступіў перад Аляксандрам Лукашэнкам у Цэнтры падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў у Бярозаўскім раёне (Брэсцкая вобласць).

Паводле слоў Муравейкі, якія прыводзіць прэс-служба Лукашэнкі, на гэтыя войскі “ўскладзены задачы па вядзенні паветранай разведкі, нанясенні агнявога паражэння праціўніку, навядзенні і карэкціроўцы агню, выкананні функцый забеспячэння ў інтарэсах іншых спецыяльных войскаў”.

Лукашэнка станоўча ацаніў падрыхтоўку ў Беларусі аператараў БПЛА. Разам з тым, сказаў ён, запатрабаванымі з’яўляюцца і іншыя віды ўзбраенняў: “Чалавек з ружжом — гэта галоўнае. А гэта (дроны. — “Позірк”.) — дзе дазволіць мясцовасць. Галоўнае — не захапляцца. Заўсёды трэба мець галаву на плячах і разумець, што мы можам, што не можам. Трэба вызначыць, што нам трэба і ў якім аб’ёме”.

27 красавіка стала вядома, што Міністэрства абароны плануе да канца года закупіць беспілотныя лятальныя апараты (БПЛА) на суму 10,1 млн рублёў (каля 3,3 млн долараў).

Паводле інфармацыі на партале дзяржзакупак, ведамства разлічвае набыць 187 FPV-дронаў Caddx X10 (AI version), 190 FPV-дронаў Caddx X10 (IR version), 20 комплексаў з FPV-дронамі, 81 тактычны беспілотны авіяцыйны комплекс на базе мульцікоптара DJI Mavic3 Thermal, 83 тактычных беспілотныя авіяцыйныя комплексы на базе мульцікоптара Autel EVO MAX 4T.

6 сакавіка паведамлялася, што Расія прапанавала стварыць у Беларусі “завод па вытворчасці беспілотных авіяцыйных сістэм магутнасцю да 100 тыс. адзінак штогод”. Лукашэнка падтрымаў прапанову РФ.

4 сакавіка, звяртаючыся да новапрызначанага намесніка віцэ-прэм’ера Віктара Каранкевіча, які курыруе прамысловы сектар, Лукашэнка звярнуў яго ўвагу на ўсё большы попыт на БПЛА і боепрыпасы.

24 верасня 2024 года на нарадзе з вайскоўцамі на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Брэсцкая вобласць) Лукашэнка заявіў пра неабходнасць рыхтавацца да вайны. Беспілотную авіяцыю пры гэтым ён назваў “сур’ёзнай навінкай”.

29 верасня намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДТСААФ Сяргей Петрусёў паведаміў, што ў 2026 годзе ў ДТСААФ (Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту) плануюць рыхтаваць аператараў БПЛА для сілавых структур.

7 кастрычніка на арганізаванай Мінабароны нарадзе з рэктарамі ўстаноў вышэйшай адукацыі абмяркоўвалася падрыхтоўка аператараў беспілотных лятальных апаратаў, у тым ліку стварэнне спецыялізаванай кафедры ў Ваеннай акадэміі.

15 лістапада начальнік упраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных сіл Міхаіл Бранскі сцвярджаў, што ў Беларусі “паспяхова вырашылі праблему з ударнымі БПЛА”. Паводле яго слоў, у 2024 годзе ВС “шчыльна працавалі” з прадпрыемствамі Дзяржкамваенпрама, значная колькасць узораў, якія распрацоўваюцца па заказе войска беларускімі прадпрыемствамі, “ўжо прынята на ўзбраенне”.

Паведамлялася, што па выніках праведзеных выпрабаванняў у 2025 годзе УС будуць мець “шырокую лінейку ўдарных беспілотнікаў”: “Чэкан-В” з далёкасцю палёту да 30 кіламетраў, “Міратворац” і іншыя распрацоўкі.

Падзяліцца: