Мінск 05:57

Чацвёрты раз ад пачатку тыдня Украіна і РФ абмяняліся палоннымі праз тэрыторыю Беларусі

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

14 чэрвеня, Позірк. Украіна і Расія 14 чэрвеня абмяняліся ваеннапалоннымі праз тэрыторыю Беларусі — чацвёрты раз ад пачатку тыдня. Факт абмену пацвердзілі ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і расійскае Міністэрства абароны.

Вызваленыя ўкраінцы ўжо ў сваёй краіне. Расіяне, мяркуючы з апублікаванага каля двух гадзін таму паведамлення ваеннага ведамства РФ, знаходзіліся на беларускай тэрыторыі, дзе ім аказвалася “неабходная медыцынская і псіхалагічная дапамога”; пазней іх мусілі даставіць на радзіму.

Раней на гэтым тыдні бакі абменьваліся палоннымі цераз тэрыторыю Беларусі 9, 10 і 12 чэрвеня.

Ад пачатку года Украіна і РФ правялі 12 этапаў абмену. Апрача згаданых чатырох выпадкаў гэта адбывалася 15 студзеня, 5 лютага, 19 сакавіка, 19 красавіка, а таксама 6, 23, 24 і 25 траўня.

За ўвесь 2024 паміж краінамі афіцыйна было праведзена 12 абменаў.

24 лютага 2022 года Расія пры непасрэднай падтрымцы беларускага рэжыму, з тэрыторыі Беларусі пачала поўнамаштабную вайну з Украінай.

Падзяліцца: