Мінск 07:31

Выкупіць арэнднае жыллё можна будзе ў растэрміноўку на 15 гадоў — указ Лукашэнкі

Ілюстрацыя: domovita.by

19 чэрвеня, Позірк. Выкупіць арэнднае жыллё можна будзе ў растэрміноўку на 15 гадоў, вынікае з падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам 19 чэрвеня ўказа № 235.

Як адзначае яго прэс-служба, у гэтых мэтах можна будзе выкарыстоўваць імянныя прыватызацыйныя чэкі “Жыллё“ і сродкі сямейнага капіталу.

Акрамя таго, “грамадзянам найбольш запатрабаваных прафесій“ будзе давацца права набываць ва ўласнасць арэнднае жыллё ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек (акрамя Мінскага раёна) “пры пэўных умовах”.

Такое набыццё будзе магчыма, у прыватнасці, пры “наяўнасці падстаў для прызнання грамадзян маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, стажу працы ў арганізацыі, якая надала жыллё, і тэрміну пражывання ў такім жыллі не менш за дзесяць гадоў“, а таксама “невыкарыстанні названымі грамадзянамі і членамі іх сем’яў дзяржаўнай падтрымкі пры ўзвядзенні, рэканструкцыі або набыцці жылля, адсутнасці ў іх іншых жылых памяшканняў ва ўласнасці ў населеным пункце па месцы знаходжання арэнднага жылля альбо фактаў іх адчужэння на працягу трох гадоў“.

Мясцовым органам улады даюцца паўнамоцтвы па перадачы ва ўласнасць наймальнікаў размешчаных у сельскай мясцовасці аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакаваных жылых дамах дзяржаўнага жылога фонду, што эксплуатуюцца больш за дзесяць гадоў і патрабуюць капрамонту.

Пры гэтым такое жыллё, нададзенае на час працоўных адносін, можа быць перададзена ва ўласнасць грамадзян, якія маюць стаж працы не менш за пяць гадоў у арганізацыі, якая выдзеліла жылое памяшканне.

Арэнднае жыллё будзе перадавацца ва ўласнасць паводле ацэначнай цаны, але не вышэй за рынкавую.

Права на набыццё арэнднага жылля можа быць выкарыстана набытчыкам толькі адзін раз.

На нарадзе з урадам 19 жніўня 2024 года Лукашэнка заявіў, што ў “справаздачах аналітыкаў” адной з першых прычын адтоку кадраў з невялікіх населеных пунктаў называлася “адсутнасць магчымасці набыць уласнае жыллё ці хаця б засяліцца ў арганізаванае камфортнае і добраўпарадкаванае арэнднае жыллё”.

Нагадаўшы аб сваім даручэнні “комплексна падысці да паляпшэння заканадаўства” ў галіне жыллёвага будаўніцтва, ён паскардзіўся, што “статыстыка па ўводзе жылля другі год запар адмоўная”.

Заслухоўваючы 15 кастрычніка 2024 года справаздачу аб удасканаленні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, Лукашэнка адзначыў: “Мы будзем падтрымліваць тых, хто нараджае дзяцей, асабліва ў якіх пяцёра дзетак і больш“.

“Па жыллі мы 100% вырашым пытанне, а гэта — найважнейшае пытанне“, — сказаў ён.

Падзяліцца: