Мінск 14:33

Паддвышаць цэны на мяса-малочную прадукцыю і слодычы цяпер можна толькі з дазволу камісіі пры ўрадзе

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

20 чэрвеня, Позірк. Падвышаць адпускныя цэны на мяса-малочную і кандытарскую прадукцыю з 20 чэрвеня можна толькі пасля ўзгаднення з камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце міністраў, вынікае з пастановы ўрада № 341 ад 19 чэрвеня.

Дакумент, апублікаваны 20 чэрвеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, уносіць карэктывы ў пастанову № 713 ад 19 кастрычніка 2022 года.

Узгаднення з камісіяй у адпаведнасці з папраўкамі патрабуе падвышэнне цэн на ялавічыну і свініну (у тушах, паўтушах, адрубах); мясны фарш (акрамя ялавічнага); субпрадукты; мяса (тушкі) курэй, куранят, уключаючы бройлераў; мясныя паўфабрыкаты; пяльмені, варэнікі, равіолі, мясныя падушачкі; каўбасныя вырабы (з ялавічыны, свініны, птушкі, субпрадуктаў, у тым ліку з мяса-расліннымі ды іншымі дабаўкамі, за выключэннем сыравэнджаных і сыравяленых); кансервы — мясныя, мяса-раслінныя, раслінна-мясныя для дзіцячага і дыетычнага харчавання.

Гэта ж тычыцца каровінага малака (пастэрызаванага, ультрапастэрызаванага, стэрылізаванага), кефіру, ражанкі, смятаны, тварагу, ёгурта, глазураваных сыркоў, сухіх малочных сумесей і каш (для дзіцячага і дыетычнага харчавання), малочных кансерваў, марожанага (малочнага, вяршковага, пламбіру, ​​з замяняльнікам малочнага тлушчу), цвёрдых і паўцвёрдых сыроў (акрамя сыроў з цвіллю, вэнджаных, у цёртым выглядзе), масла (у пакаванні больш за 20 г).

Належыць узгадняць з камісіяй падвышэнне цэн на вафлі, пернікі, печыва і мучныя слодычы, ірыс, карамель, цукеркі — глазураваныя шакаладнай, тлушчавай глазурай, шакалад, мармелад, зефір і пасцілу, а таксама кандытарскія вырабы без цукру.

Пытанні па цэнах на ўсё вышэйпералічанае будуць разглядацца “на падставе зваротаў дзяржаўных органаў (арганізацый)”.

Акрамя таго, са спецкамісіяй трэба ўзгадняць падвышэнне цэн на малако-сыравіну, свіней і буйную рагатую жывёлу, якія пастаўляюцца для перапрацоўкі (на падставе зваротаў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання).

Прэс-служба Савета міністраў патлумачыла, што абгрунтоўваць урадавай камісіі трэба “далейшае павышэнне цэн <…> звыш 0,3% на месяц”.

“У красавіку 2025 года ўрад прадаставіў вытворцам права самастойна падвышаць адпускныя цэны. Вытворцы, што мелі неабходнасць палепшыць сваё фінансавае становішча, гэтым правам скарысталіся, — гаворыцца ў паведамленні. — З 20 чэрвеня 2025 года ў мэтах недапушчэння спекулятыўнага і неабгрунтаванага росту цэн урадам <…> узяты на кантроль працэс падвышэння вытворцамі цэн на мяса-малочную групу тавараў і кандытарскія вырабы. <…> Пры гэтым на кантроль узятыя цэны па ўсім ланцужку: ад сельскагаспадарчага вытворцы да розніцы”.

У той жа час, адзначае прэс-служба Саўміна, “у розніцы працягваюць дзейнічаць гранічныя надбаўкі”.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”. Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаны некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн, у дакумент уносіліся змяненні.

Пастанова № 713 (6) ад 2 красавіка 2025 года скараціла спіс тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню — “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку” — з 331 да 211 пазіцый (-36,3%). Урад заявіў, што рашэнне паменшыць пералік “базавалася на неабходнасці падтрымання ўзроўню інфляцыі і выключэнні з цэнавага рэгулявання тавараў непаўсядзённага попыту або прэміум-класа”.

Як паведамлялася, спажывецкія цэны ў траўні выраслі на 0,7%, у гадавым вымярэнні — на 7,1%.

Падзяліцца: