Мінск 18:13

Скачкоў цэн у Беларусі не дапусціла барацьба за спажыўца з замежнымі канкурэнтамі — МАРГ

Ілюстрацыйнае фота: МАРГ

20 чэрвеня, Позірк. І да зробленых захадаў па цэнавым рэгуляванні “масавага росту цэн на харчовым рынку” Беларусі “рэгулятары не назіралі”, заявіў 20 чэрвеня першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец, каментуючы апошнія карэктаванні заканадаўства аб кантролі за цэнамі.

Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзяць дзяржаўныя СМІ, “глабальных скачкоў цэн” не дапусціла “канкурэнцыя за спажыўца з замежнымі — у асноўным расійскімі — вытворцамі”.

Вежнавец сцвярджае, што ўведзены з 20 чэрвеня “асаблівы кантроль цэнаўтварэння” на мяса-малочную прадукцыю і кандытарскія вырабы з боку ўрада “ўмацуе стабільнасць на рынку, паколькі вытворцы кожнае ініцыяванае падвышэнне цэн павінны будуць узгадніць”.

Мяса-малочную групу тавараў і кандытарскія вырабы, паводле слоў прадстаўніка МАРГ, можна назваць “найбольш інфлятагеннымі за апошнія гады”.

Захады, што робяцца, як лічыць першы намеснік міністра, “умацуюць стабільнасць на харчовым рынку, паколькі вытворцы названых груп тавараў абавязаныя будуць падвышэнне цэн, якое ініцыіруецца, звыш нарматыву ўзгадніць, іншымі словамі, дынаміка цэн будзе кантралявацца дзяржавай”.

Пры гэтым, падкрэсліў Вежнавец, калі “перадумовы будуць складацца па іншых таварных групах”, то і па іх “рашэнні будуць прымацца”. Ці трэба гэта рабіць, адзначыў чыноўнік, пакажа “аналіз на аснове шэрагу фактараў, у першую чаргу разгляд афіцыйных статыстычных даных узроўню інфляцыі і тэмпаў росту цэн на адпаведныя таварныя пазіцыі”.

Сітуацыю на беларускім спажывецкім рынку прадстаўнік МАРГ ахарактарызаваў як стабільную, паколькі на паліцах “прысутнічае дастатковы асартымент тавараў. Пры гэтым узровень цэн “знаходзіцца ў зададзеных лімітах”. Пра асобныя факты парушэнняў “становіцца вядома падчас кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў”, але неадпаведнасці, паводле яго сцвярджэння, “не масавыя”.

З 20 чэрвеня падвышаць адпускныя цэны на мяса-малочную і кандытарскую прадукцыю можна толькі пасля ўзгаднення з камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце міністраў, вынікае з пастановы ўрада № 341 ад 19 чэрвеня.

Дакумент, апублікаваны 20 чэрвеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, уносіць карэктывы ў пастанову № 713 ад 19 кастрычніка 2022 года.

У апошнія месяцы ў Беларусі назіраўся дэфіцыт шэрагу харчовых прадуктаў, у прыватнасьці бульбы. Улады спачатку не каментавалі праблему, але 8 траўня Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы ў Беларусі. У далейшым ён спрабаваў выставіць вінаватымі ў гэтай сітуацыі то народ, то палітыку.

27 траўня ўрад Беларусі зняў забарону на ўвоз бульбы з дзяржаў Еўрасаюза ды іншых “недружалюбных краін”. Пры гэтым было заяўлена, што рашэнне з’яўляецца “адказам на чарговыя санкцыі ЕС”.

Гл. таксама:

Бульбяная змова. Хто з’еў нашу бульбу? (на рускай мове)

Падзяліцца: