Мінск 05:22

“Белавія” пацвердзіла рэйс у Дубай бліжэйшай раніцай

23 чэрвеня, Позірк. Нацыянальны перавозчык “Белавія” пацвердзіў рэйс у Дубай (ААЭ) бліжэйшай раніцай.

“Сёння, пасля эскалацыі канфлікту на Блізкім Усходзе, Катар, Кувейт, Бахрэйн і ААЭ абвясцілі аб закрыцці паветранай прасторы. Праз некалькі гадзін сітуацыя пачала стабілізавацца, і на гэты момант абмежаванні ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах знятыя — авіякампаніі аднаўляюць палёты. “Белавія” таксама мае намер выконваць рэйсы Мінск — Дубай — Мінск па змененым маршруце, гарантуючы пасажырам поўную бяспеку. Найбліжэйшы рэйс з Мінска запланаваны на 4.25 раніцы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Кампанія “працягвае сачыць за сітуацыяй і гатовая скарэктаваць расклад палётаў пры першай неабходнасці“.

Паветраная прастора пералічаных краін была закрытая перад атакай Ірана на амерыканскія вайсковыя базы ў адказ на бамбаванне аб’ектаў ядзернай інфраструктуры арміяй ЗША, якія разам з Ізраілем спрабуюць прадухіліць з’яўленне ў Тэгерана ядзернай зброі.

Пасля закрыцця паветранай прасторы Ірана “Белавія” лётае ў Дубай кружным шляхам з дазапраўкай у Самары. Такі ж маршрут у эмірацкай кампаніі Flydubai. Гэтай ноччу прыбыццё борта ў Мінск чакаецца са спазненнем (у 4.09 замест 3.30), вынікае з анлайн-раскладу сталічнага аэрапорта.

Увечары 23 чэрвеня беларускі МЗС рэкамендаваў суайчыннікам, якія знаходзяцца ў Катары, не пакідаць месца свайго знаходжання і выконваць указанні ўладаў.

Падзяліцца: