Мінск 16:24

Беларусі блізкія прынцыпы міласэрнасці, сцвярджае Лукашэнка, рэжым якога праводзіць рэпрэсіі і падтрымлівае агрэсара

Унутры Мальтыйскага палаца — галоўнай рэзідэнцыі ордэна ў Рыме
Ілюстрацыйнае фота: orderofmalta.int

24 чэрвеня, Позірк. Пра тое, што Беларусі блізкія прынцыпы міласэрнасці, гуманізму і салідарнасці, якімі “на працягу стагоддзяў кіруецца” Мальтыйскі Ордэн, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 24 чэрвеня князя і вялікага магістра гэтага дзяржавападобнага ўтварэння Джона Данлэпа.

“Мы падзяляем перакананне ў тым, што клопат пра чалавека, дапамога слабым і бяздольным, імкненне да дыялогу і ўзаемаразумення з’яўляюцца фундаментальнымі асновамі справядлівага і гарманічнага светапарадку”, — цытуе пасланне прэс-служба віншавальніка.

На думку Лукашэнкі, сёлетні юбілейны год, які ў каталіцкім касцёле названы Годам надзеі, мае асаблівы сэнс, паколькі “гэты час духоўнага абнаўлення, умацавання ўніверсальных каштоўнасцей і салідарнасці”.

“Няхай выпрабаванні сучаснасці стануць стымулам для пераасэнсавання, пошуку шляхоў прымірэння і паглыблення міжнароднай супрацы”, — дадаў Лукашэнка.

Адметна, што пра міласэрнасць, гуманізм і салідарнасць заяўляе кіраўнік рэжыму, які з 2020 года не спыняе нябачаныя раней паводле маштабаў рэпрэсіі, пераследуе ўласных грамадзян, што былі вымушаныя пакінуць радзіму, з пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе падтрымлівае агрэсара.

Мальтыйскі Ордэн (поўнае найменне — Суверэнны вайсковы Мальтыйскі ордэн шпітальераў св. Іаана Іерусалімскага, Радоса і Мальты) — найстарэйшы рыцарскі ордэн Рымска-каталіцкага касцёла, які мае прыкметы, уласцівыя суверэнным дзяржавам.

Ордэн з’яўляецца суб’ектам міжнароднага публічнага права (мае статус назіральніка пры ААН і Савеце Еўропы, паўнацэнныя дыпламатычныя стасункі са 113 дзяржавамі). Мае ўласныя органы ўлады (вялікі магістр, урад), дзейнічае свая канстытуцыя, выдаюцца дыпламатычныя пашпарты.

У той жа час Мальтыйскі Ордэн не мае тэрыторыі, як класічныя дзяржавы, хаця валодае экстэрытарыяльнымі правамі на некалькі будынкаў у Рыме (там дзейнічае юрысдыкцыя ордэна, а не Італіі). Пры гэтым раней ён паўнавартасна валодаў тэрыторыямі: Іерусалімам — у XI–XIII стагоддзях, Радосам — у XIV–XVI стагоддзях, Мальтай — у XVI–XVIII стагоддзях. Страціў свае апошнія землі ў 1798 годзе.

Ордэн узнік у XI стагоддзі на базе шпіталя св. Іаана, які дапамагаў паломнікам з розных краін. Пазіцыянуе сябе як адзін з найстарэйшых інстытутаў заходняй і хрысціянскай цывілізацыі і каталіцызму — нейтральны, бесстаронні і апалітычны.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі паміж уладамі ў Мінску і Рымска-каталіцкім касцёлам у Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, што рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты з палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Разам з тым 24 лістапада 2020 года амбасадар Мальтыйскага Ордэна ўручыў даверчыя граматы Лукашэнку.

10 студзеня 2022 года Сяргей Алейнік, які займаў на той момант пасаду намесніка міністра замежных спраў і амбасадара пры Мальтыйскім Ордэне (па сумяшчальніцтве), правёў у Рыме сустрэчу з генеральным сакратаром па міжнародных сувязях ордэна Стэфана Ронка.

У чэрвені 2024 года Лукашэнка запрасіў Данлэпа наведаць Беларусь.

Рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

Амбасадар Амбразевіч абмеркаваў з папам Ільвом XIV супрацу Беларусі і Ватыкана, у тым ліку "гуманітарныя ініцыятывы"

21 чэрвеня, Позірк. Амбасадар Беларусі пры Святым Пасадзе Юрый Амбразевіч 21 чэрвеня ўручыў даверчыя граматы папе рымскаму Льву XIV, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў. Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, пасля цырымоніі беларускі дыпламат і пантыфік абмеркавалі "актуальныя тэмы міждзяржаўнага парадку дня, …
Падзяліцца: