Мінск 06:32

Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі па тэлефоне сітуацыю ва Украіне і на Блізкім Усходзе

24 чэрвеня, Позірк. “Цэлы шэраг тэм” абмеркавалі падчас “працяглай гутаркі” па тэлефоне 24 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

Як паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі, абмяркоўваліся, у прыватнасці, саміт Еўразійскага эканамічнага саюза, які мае адбыцца ў Мінску, а таксама “беларуска-расійскі саюзны парадак дня — працяг рэалізацыі сумесных праектаў і праграм”.

“Грунтоўна” суразмоўцы абмеркавалі “рэгіянальную праблематыку і міжнародную абстаноўку, уключаючы сітуацыю ва Украіне і на Блізкім Усходзе”.

“Яшчэ больш падрабязна” Лукашэнка і Пуцін разгледзяць “усе існуючыя актуальныя пытанні” на сустрэчы ў Мінску падчас згаданага саміту ЕАЭС.

Еўразійскі эканамічны форум пройдзе 26 чэрвеня на базе Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра “Белэкспа”. Раней паведамлялася, што ўдзел у ім пацвердзілі ўсе кіраўнікі краін — членаў ЕАЭС (Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана), акрамя прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, які прыме ўдзел у мерапрыемстве ў дыстанцыйным фармаце па відэасувязі.

Паводле інфармацыі дзяржСМІ, для ўдзелу ў форуме зарэгістравана больш за 2 тыс. чалавек з 29 краін. Прадугледжана правядзенне шасці буйных тэматычных блокаў, якія ўключаюць 35 мерапрыемстваў: пленарныя сесіі, круглыя сталы, бізнес-дыялогі і інш.

На наступны дзень пасля форуму, 27 чэрвеня, запланаванае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. “У вузкім і шырокім фармаце кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць бягучы парадак дня, прымуць важныя рашэнні ў дачыненні да перспектыў развіцця саюза (ЕАЭС), а таксама будзе падпісана два пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве — паміж ЕАЭС і Манголіяй, ЕАЭС і Эміратамі. Яны дадуць больш шырокія магчымасці для выбудоўвання гандлёва-эканамічных адносін членаў ЕАЭС з дадзенымі дзяржавамі”, — заяўляў 19 чэрвеня кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў.

Абстаноўка на Блізкім Усходзе абвастрылася 13 чэрвеня, калі розныя цэлі на тэрыторыі Ірана пачала атакаваць Армія абароны Ізраіля. У асноўным удары наносяцца па ваенных і ядзерных аб’ектах, атакавана ўжо больш за 1.000 цэляў. У выніку серыі кропкавых удараў было ліквідавана вышэйшае камандаванне Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, іранскай арміі і выведкі, забіта дзевяць навукоўцаў-ядзершчыкаў. Іран заяўляе пра сотні загінулых і прыкладна 1.300 параненых на сваёй тэрыторыі.

Мэтай ізраільскай ваеннай аперацыі названа нанясенне крытычнага ўрону ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу Ірана.

Іран адказвае масіраванымі ўдарамі з ужываннем балістычных ракет і беспілотных лятальных апаратаў. Некаторыя ракеты ўпалі ў жылых раёнах у Тэль-Авіве, Рамат-Гане, Рышон-ле-Цыёне, Бат-Яме, Тамрэ, Хайфе, Петах-Тыкве і іншых населеных пунктах Ізраіля. Вядома, што загінулі не менш за 24 чалавекі, пацярпелі больш за 1.000.

22 чэрвеня амерыканскія бамбавікі B-2 нанеслі ўдары па іранскім ядзерным аб’екце ў Форда, выкарыстаўшы шэсць процібункерных бомбаў.

Па іранскіх ядзерных аб’ектах у Натанзе і Ісфахане было запушчана 30 ракет “Тамагаўк” з падводных лодак.

У адказ Іран атакаваў вайсковыя базы ЗША ў Катары, Кувейце, Бахрэйне і ААЭ. Паводле звестак амерыканскага боку, базы ад іранскіх удараў не пацярпелі, ахвяр няма.

Падзяліцца: