Мінск 23:08

Ціханоўскі сустрэнецца ў Варшаве з польскім прэзідэнтам Дудам

Фота: “Позірк”

25 чэрвеня, Позірк. Сяргей і Святлана Ціханоўскія 26 чэрвеня сустрэнуцца ў Варшаве з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і міністрам замежных спраў гэтай краіны Радаславам Сікорскім.

Сустрэчу на сваёй старонцы ў сацсетцы Х анансавала беларускі дэмакратычны лідар.

“Мы працягваем барацьбу за вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, уключаючы Анджэя Пачобута”, — напісала Ціханоўская.

24 чэрвеня палітык запрасіла беларусаў на акцыю салідарнасці ў Варшаве.

Акцыя пройдзе 26 чэрвеня ля помніка Мікалаю Каперніку (вул. Кракаўскае Прадмесце, 1), пачатак у 19:00.

Удзел у ёй прыме таксама Сяргей Ціханоўскі.

21 чэрвеня ў камюніке Міністэрства замежных спраў Польшчы было пацверджана вызваленне ў ліку 14 палітвязняў траіх грамадзян гэтай краіны. Сікорскі павіншаваў Ціханоўскага, які выйшаў на волю.

“Свабодны свет мае патрэбу ў табе, Сяргей! Ад усёй душы рады за цябе, Святлана, і за ўсю тваю сям’ю. Бачыць вас разам зноў — лепшае пацверджанне таго, навошта былі гэтыя гады барацьбы за свабоду. Мы будзем і далей дамагацца вызвалення астатніх, уключаючы Анджэя Пачобута”, — напісаў Сікорскі ў “Інстаграме”.

Аб вызваленні 14 палітвязняў стала вядома неўзабаве пасля сустрэчы спецпрадстаўніка ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня.

Сярод вызваленых, акрамя Ціханоўскага, экс-супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Таксама вызваленыя Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (абодва — грамадзяне Латвіі). Акрамя гэтага, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ трох вызваленых афіцыйна не называюцца, яны з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы (два чалавекі) і Японіі.

Падзяліцца: