Мінск 18:12

У дачыненні да кіроўцы “Мэрсэдэса” — удзельніка смяротнай аварыі ў Мінскім раёне распачатая крымінальная справа

Фота: прэс-служба МУС

28 чэрвеня, Позірк. У дачыненні да кіроўцы аўтамабіля “Мэрсэдэс” — удзельніка смяротнай аварыі ў Мінскім раёне распачатая справа паводле ч. 5 ст. 317 КК (парушэнне ПДР асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула з неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

СК пазначае, што мужчыну 26 гадоў, а не 25, як раней паведамляла Міністэрства ўнутраных спраў.

Трагедыя адбылася 28 чэрвеня ля 5:20 каля вёскі Слабадшчына (Мінскі раён; 20-ы кіламетр аўтамагістралі М2, якая злучае Мінск і аэрапорт). Паводле папярэдняй інфармацыі, нецвярозы кіроўца “Мэрсэдэса”, які накіроўваўся ў бок аэрапорта, сутыкнуўся з аўтамабілем таксі “Шкода”, што рухаўся ў тым жа напрамку.

Ад удару таксі “адкінула ў дарожную агароджу”, у выніку чаго загінула чатыры пасажыры: дзяўчынкі 7 і 13 гадоў, іх 43-гадовая маці і 75-гадовая бабуля (усе — грамадзяне Расіі).

Кіроўца аўтамабіля “Шкода” шпіталізаваны (паводле звестак МУС, у яго цяжкія траўмы). Пры гэтым кіроўца і пасажыр “Мэрсэдэса” не пацярпелі.

“Следчыя галоўнага следчага ўпраўлення і УСК па Мінскай вобласці з прыцягненнем спецыялістаў ГКСЭ і супрацоўнікаў ДАІ працуюць на месцы здарэння. Праводзіцца агляд, фіксуецца следавая карціна”, — паведамляе СК.

Падзяліцца: