Пярцоў хоча ператварыць партыю “Белая Русь” у сілу для ідэалагічнага супрацьстаяння апанентам

28 чэрвеня, Позірк. Партыі “Белая Русь”, якая выйшла з аднайменнага грамадскага аб’яднання, належыць ўсвядоміць, што яна “мае фармавацца як асобная палітычная сіла”, заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Пярцоў 28 чэрвеня ў Мінску на партыйным з’ездзе.
Паводле яго слоў, якія прыводзяць дзяржаўныя СМІ, партыя павінна “пачаць займацца асобнай палітычнай дзейнасцю” — з большай адказнасцю і меншым фармалізмам. Пярцоў лічыць, што “Белай Русі” трэба больш “уцягваць і рэкрутаваць у свае шэрагі” сацыяльна актыўных людзей, якія “не ўцягнутыя ў грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, у тым ліку на камерцыйных прадпрыемствах розных форм уласнасці”.
“Такіх шмат. Давайце будзем ісці ў тыя прадпрыемствы і арганізацыі, у якіх не ўтвораныя яшчэ ячэйкі нават прафсаюзнай арганізацыі, не кажучы ўжо пра ячэйкі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, — заявіў ён. — Дырэктыва № 12 (“Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы”. — “Позірк”.) стварае вам дзяржаўную прававую аснову для гэтай працы. Як вы памятаеце, ідэалагічная праца распаўсюджваецца на суб’екты гаспадарання ўсіх форм уласнасці”.
Дзейнасць “Белай Русі”, на думку першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, павінна “адлюстроўваць інтарэсы большасці грамадзян” Беларусі, а “не толькі членаў палітычнай партыі і грамадскага аб’яднання”.
“Можа быць, праз вашы актыўнасці, праз вашы мерапрыемствы вы дагрукаецеся да сэрцаў тых людзей, якія і з’яўляюцца асноўнай мэтавай аўдыторыяй для нашых апанентаў. Не ўцягнутых, не задзейнічаных, тых, што сумняваюцца, — сказаў чыноўнік. — Там, дзе недапрацоўваем мы, там, дзе ўтвараецца ідэалагічны вакуум, — ён хутка запаўняецца нашымі апанентамі, якія знаходзяць падыходы праз альтэрнатыўныя сродкі камунікацыі, не маючы фізічнай магчымасці твар у твар сустракацца, камунікаваць з нашым насельніцтвам. Мы не можам гэтага дапусціць”.
“Мы цудоўна разумеем, што нашымі апанентамі пасля 2020 года таксама зробленая пэўная праца над памылкамі. Мы разумеем, што далей будзе больш жорстка, што далей яны будуць працаваць больш актыўна не толькі праз элементы мяккай сілы і сродкі масавай камунікацыі, сацыяльныя сеткі і мэсэнджары, дзе вы таксама павінны быць больш актыўнымі”, — дадаў Пярцоў.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на з’ездзе сярод іншага заявіла, што членамі “Белай Русі” з’яўляецца 68 тыс. чалавек.
Як паведамляў “Позірк”, 27 чэрвеня старшынёй партыі “Белая Русь” стала былая прэс-сакратар МУС, а пасля начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава.
Максімальна лаяльная да Лукашэнкі “Беларуская партыя “Белая Русь” заснаваная ў сакавіку і зарэгістраваная ў траўні 2023 года. З’явілася на базе аднайменнага грамадскага аб’яднання (пры яго захаванні), створанага ў 2007 годзе для дэманстрацыі нібыта шырокай падтрымкі курсу ўладаў. Партыю тады ўзначаліў Алег Раманаў, які раней кіраваў аб’яднаннем.
“Белая Русь” стала першай палітычнай партыяй, зарэгістраванай у Беларусі за апошнія два дзесяцігоддзі. Неўзабаве пасля яе стварэння ўлады перафарматавалі палітычнае поле краіны — было скасавана 12 апазіцыйных, нейтральных і праўладных палітычных структур. Апрача “Белай Русі” легальны статус у краіне застаўся толькі ў трох сіл — Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Камуністычнай партыі Беларусі ды Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
15 лютага 2024 года “Белая Русь” падпісала пагадненне “аб узаемадзеянні і супрацы” з расійскай партыяй улады “Единая Россия” (“Адзіная Расія”). Напрыканцы траўня 2025-га атрымала істотныя прэферэнцыі па арэндзе.

- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАмаль тыдзень Літва не фіксуе спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ Мінску стратна больш за чвэрць арганізацый, у Мінскай вобласці — амаль кожная пятая (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 24–27 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЭксперт: Беларуская адукацыя за апошнія пяць год істотна каланізаваная Расіяй (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка