Мінск 00:20

Літоўская мытня другі дзень запар паведамляе пра выяўленне нелегальных беларускіх цыгарэт

1 ліпеня, Позірк. Мытная служба Літвы 30 чэрвеня і 1 ліпеня паведаміла пра выпадкі выяўлення і канфіскацыі беларускіх цыгарэт, нелегальны ўвезеных у краіну.

Напярэдадні ведамства паведаміла, што “раніцай 29 чэрвеня супрацоўнікі Мытнай крымінальнай службы (МКС) і Вільнюскай тэрытарыяльнай мытні затрымалі на кантрольна-прапускным пункце Шальчынінкай (з беларускага боку Беняконі. — “Позірк”.) два аўтамабілі, якія перавозілі кантрабандныя цыгарэты”.

“У адной з машын (Citroen) цыгарэты былі схаваныя ў колах, а ў другой (Audi Q7) мытнікі выявілі цыгарэты ў багажніку і на задніх сядзеннях. Усяго канфіскавана 621 пачка цыгарэт NZ Gold на суму 2.995 еўра”, — удакладніла мытная служба.

Адзначалася, што “аўтамабілі канфіскаваныя (і, хутчэй за ўсё, будуць перададзеныя Украіне), а іх кіроўцы (абодва — грамадзяне Беларусі) абвінавачаныя ў адміністрацыйных правапарушэннях за кантрабанду і парушэнне міжнародных санкцый”. Парушальнікам, як заяўлялася, пагражае штраф да 6.000 еўра.

1 ліпеня прэс-служба ведамства паведаміла, што 19 чэрвеня супрацоўнікі МКС “правялі праверку аднаго з гаражоў у раёне Каролінішкес горада Вільнюса, дзе выявілі склад для незаконнай кантрабанды цыгарэт і алкаголю — канфіскаваныя розныя віды цыгарэт і спіртных напояў, а таксама наяўныя грошы”. Вобшукі праведзены таксама па месцы жыхарства падазраваных і ў яшчэ адным гаражы, гаворыцца ў паведамленні.

“Агулам у той дзень супрацоўнікі праваахоўных органаў выявілі каля 52 тыс. пачак цыгарэт з беларускімі маркамі і без іх. Кошт цыгарэт з улікам падаткаў склаў 229 тыс. еўра”, — падкрэсліваецца ў рэлізе.

“Таксама канфіскавана больш за 200 літраў спіртных напояў, падрыхтаваных да продажу, 110 літраў карычневай вадкасці з пахам спірту і амаль 11 тыс. еўра наяўнымі. Папярэдні кошт канфіскаванага алкаголю з улікам падаткаў складае каля 3 тыс. еўра. Былі затрыманы трое грамадзян Літвы, якія знаходзіліся на складзе, з дваіх узятая падпіска аб нявыездзе”, — заявілі ў мытнай службе.

Адзначаецца, што ў Вільнюскім аддзяленні МКС пачата дасудовае расследаванне па факце незаконнага абароту падакцызных тавараў.

Найбуйнейшая з пачатку года партыя — 2.520 скрынак кантрабандных беларускіх цыгарэт коштам 5,64 млн еўра, якія перавозіліся ў двух грузавіках, — была затрыманая ў лютым гэтага года недалёка ад Вевіса (Літва).

Напрыканцы траўня на мяжы з Беларуссю былі затрыманыя два грузавікі, у якіх перавозіліся “буйныя, старанна замаскіраваныя партыі кантрабандных беларускіх цыгарэт” на агульную суму каля 2,5 млн еўра.

15 чэрвеня грамадзянін Беларусі спрабаваў увезці ў Літву кантрабандныя беларускія цыгарэты на суму каля 1,6 млн еўра пад выглядам фруктовага марожанага, вырабленага ў Варонежы (Расія), якое накіроўвалася транзітам праз Літву ў Калінінградскую вобласць РФ.

Падзяліцца: