Мінск 10:10

Лукашэнка параўнаў ЕС з гітлераўскай кааліцыяй і прыгразіў знікненнем краін Балтыі і Польшчы

Архіўны стоп-кадр: "Позірк"

2 ліпеня, Позірк. Знікненне з карты свету краін Балтыі і Польшчы ў выпадку працягу імі цяперашняй палітыкі прадказаў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасці.

“Літва і Польшча старанна абкопваюцца. Польская ўлада па ўсім свеце скупляе ваенную тэхніку. Усе выдаткі — за кошт падаткаў сваіх грамадзян і тых крэдытаў, хто іх дае. Амерыканцы або па іх указцы. Кідаюцца ў новыя ваенныя саюзы, па сутнасці, варожыя ў адносінах да нас“, — заявіў Лукашэнка.

Паводле інфармацыі прэс-службы палітыка, ён “нагадаў, што Францыя і Польшча падпісалі дамову, якая прадугледжвае паглыбленае супрацоўніцтва ў вайсковай сферы. Аналагічны Польшча плануе заключыць найбліжэйшым часам з Вялікабрытаніяй”. “На ўсялякі выпадак: з двума ядзернымі дзяржавамі”, — сказаў прамоўца.

“Ніхто не хоча ўспамінаць, чым скончыўся паход на ўсход, як цяпер модна казаць, “гітлераўскага Еўрасаюза“. Таму Польшча і краіны Балтыі дазваляюць ператвараць сябе ў чарговы пасля Украіны вайсковы палігон. Ні ў якім іншым статусе нашы найбліжэйшыя суседзі Захаду не цікавыя. Што, Германія стварала войска і хоча ваяваць на сваёй зямлі? Не. Вы бачыце, якая ва Украіне проксі-вайна. Сапраўды так яны хочуць ваяваць супраць нас, у тым ліку і супраць Украіны (славянскіх народаў — мы заўсёды ім папярок горла). Яны хочуць ваяваць на чужой зямлі, у дадзеным выпадку Літва, Латвія, Эстонія і Польшча. Так што ні ў якім іншым статусе гэтыя дзяржавы Захаду не патрэбныя і не цікавыя. Калі хочуць у чарговы раз знікнуць з карты свету — гэта будзе іх выбар!” — выступіў з пагрозай палітык.

Для ўзмацнення паралелі з падзеямі Другой сусветнай вайны Лукашэнка таксама заявіў, што Германія “зноў прымярае на сябе ролю рэгіянальнага вайсковага лідара, размяшчаючы паблізу нашых межаў злучэння сухапутных войскаў брыгаднага ўзроўню“, відавочна, маючы на ўвазе размяшчэнне супрацьтанкавай брыгады войска ФРГ у Літве.

Лукашэнка, які падтрымлівае расійскую вайсковую агрэсію ва Украіне, і іншыя прадстаўнікі рэжыму ўвесь час абвінавачваюць краіны Захаду ў агрэсіўных намерах у дачыненні да Беларусі, абяцаючы “імгненны адказ“, але ніводнага доказу такіх намераў дагэтуль не прадстаўлена.

У саміх краінах ЕС тлумачаць нарошчванне вайсковай моцы пагрозамі, якія зыходзяць з Расіі і Беларусі.

Падзяліцца: