Праваабаронцы прызналі палітвязнем музыку Алега Хаменку

9 ліпеня, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала музыку і радыёвядоўцу Алега Хаменку палітзняволеным, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай у тым ліку на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Пра затрыманне лідара і стваральніка гурта “Палац”, што выконвае музыку ў стылі фолк-мадэрн, 58-гадовага Алега Хаменкі праваабаронцы паведамілі напрыканцы чэрвеня.
Аўтарам заявы вядома, што ў дачыненні да Хаменкі распачатая крымінальная справа “за супрацу з незалежным беларускім медыя, якое знаходзіцца ў спісе гэтак званых “экстрэмісцкіх фармаванняў”. Адзначаецца, што “канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэкса на гэты момант невядомы”.
“Затрыманне і крымінальны пераслед Алега Хаменкі з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова, — гаворыцца ў дакуменце. — Праваабарончая супольнасць Беларусі неаднаразова адзначала, што антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі краіны для падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці і іншадумства”.
“МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і праводзімай ім палітыцы. Экстрэмісцкімі фарміраваннямі прызнаныя і 38 СМІ і медыяарганізацый. Гэта адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх супрацоўнікаў, удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на свабоду асацыяцый і свабоду выказвання меркаванняў”, — адзначана ў заяве.
На падставе гэтага праваабаронцы прыйшлі да высновы, што Хаменку пераследуюць з палітычных матываў, скіраваных на “спыненне ці змяненне характару яго публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі”.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць Хаменку і спыніць крымінальны пераслед, адмовіцца ад выкарыстання “метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання і іншыя правы і свабоды”, а таксама неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязняў.
Апрача БАЖ заяву падпісалі Беларускі ПЭН, праваабарончы цэнтр “Вясна”, “Прававая ініцыятыва”, Lawtrend, Respect-Protect-Fulfill, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавек імя Барыса Звозскава.
На 9 ліпеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.152 чалавекі, аднак людзей, якія пацярпелі ў Беларусі ад рэпрэсій у той ці іншай форме, нашмат больш.
Хаменка — вядомы ў Беларусі музыка, радыёвядоўца, прадзюсер і папулярызатар беларускай музычнай культуры.
Выкладаў у Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў. У 2008 годзе пры падтрымцы дзіцячага фонду ЮНІСЕФ сумесна з Тамарай Лісіцкай і Людмілай Рыжковай запісаў і выпусціў для дзяцей серыю аўдыёказак “Беларускія народныя казкі”, быў вядоўцам фестывалю “Камяніца”.
У 2009 годзе стварыў фестываль “Bela music”, які праходзіў на аэрадроме “Баравая”.
Вядоўца радыёверсіі хіт-парада Tuzin.fm “Тузін хітоў” на “Радыё Рацыя” і аўтарскай праграмы “Фолк брама”. Быў вядоўцам праграмы “Брама Існасці” на радыёстанцыі “Аўтарадыё” аж да яе закрыцця 12 студзеня 2011 года з палітычных матываў.
У складзе гурта “Палац” здымаўся ў мастацкім фільме “Анастасія Слуцкая”, а таксама ў якасці камео ў серыяле “Вышэй за неба”.


- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 9 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала з дыпламатамі вызваленне палітвязняў, паведаміла пра планы дэмсіл (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь другі месяц запар на апошнім месцы ў ЕАЭС паводле дынамікі сельгасвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ 2024 годзе малы і сярэдні бізнес амаль на чвэрць павялічыў выручку ад продажаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка