Мінск 04:52

Каманда Латушкі: Дзеянні фэйкавых журналістаў — частка гібрыдных аперацый спецслужбаў

Ілюстрацыйнае фота: АПК

9 ліпеня, Позірк. Фэйкавыя журналісты ад імя расійскага незалежнага СМІ “Новая газета Еўропа” хацелі ўзяць інтэрв’ю не толькі ў дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, але і ў кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушкі.

9 ліпеня каманда Латушкі апублікавала ў яго тэлеграм-канале паведамленне, з якога вынікае, што каля трох тыдняў таму, 19 чэрвеня, у прэс-службу НАУ паступіў запыт на інтэрв’ю з палітыкам ад чалавека, які назваўся журналісткай згаданага выдання Ірынай Гарынай. Прапаноўваўся ўдзел у здымках “поўнаметражнага дакументальнага фільма пра супраціўленне Еўропы агрэсіі з боку Расіі і Беларусі”.

“Пасля прапановы прэс-службы НАУ перайсці ў мэсэнджар для пацверджання верыфікацыі і далейшай камунікацыі чалавек, які пісаў з адраса [email protected], спыніў камунікацыю, — гаворыцца ў паведамленні. — Як у нас атрымалася высветліць, журналістка з такім імем сапраўды працуе ў “Новой газете Европа”, аднак яна ніякіх запытаў на інтэрв’ю з Паўлам Латушкам і здымкі фільма не накіроўвала”.

Паводле інфармацыі з тэлеграм-канала палітыка, у “Фэйсбуку” быў знойдзены фэйкавы акаўнт “журналісткі” Ірыны Гарынай, створаны яшчэ ў 2022 годзе. Першая публікацыя на гэтай старонцы датаваная снежнем 2022 года, “што можа сведчыць пра мэтанакіраваную і загадзя спланаваную аперацыю — верагодна, з боку спецслужбаў”.

Варта адзначыць, што напярэдадні ў Офіс Святланы Ціханоўскай прыходзілі людзі, якія прадставіліся журналістамі таго ж выдання і адпраўлялі аналагічны запыт з таго ж адраса электроннай пошты, што і на адрас НАУ. Пазней высветлілася, што яны былі нанятыя праз “Тэлеграм” ананімнымі заказчыкамі нібыта для інтэрв’ю з дэмлідарам.

Каманда Латушкі перакананая, што “дзеянні фэйкавых журналістаў, такіх як нібыта “Ірына Гарына”, — гэта не разавыя правакацыі, а частка адладжанай сістэмы гібрыдных аперацый спецслужбаў”.

У паведамленні нагадваецца, што летась палкоўнік ГРУ Мінабароны РФ Павел Рубцоў (вядомы як “Пабла Гансалес”) — адзін з перададзеных Маскве ў рамках абмену з Захадам — ​​”як мінімум двойчы наведваў офіс НАУ, прадстаўляючыся журналістам іспанскіх выданняў, каб узяць інтэрв’ю ў Паўла Латушкі”. Палітык паведамляў пра гэта “Позірку” ў жніўні 2024 года.

“Гэтыя выпадкі наглядна дэманструюць рэальную актыўнасць спецслужбаў на тэрыторыі ЕС, у тым ліку з выкарыстаннем псеўдажурналістаў як інструмента выведкі і дэзінфармацыі. Гэта пацвярджае рэальнасць рызык і пагроз для прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі з боку спецслужбаў Беларусі і Расіі”, — канстатавала каманда палітыка.

Напярэдадні партал “Люстэрка” паведаміў, што Ціханоўская 8 ліпеня мусіла даць інтэрв’ю выданню “Новая газета Еўропа”. Пра размову “журналісты” дамовіліся праз прэс-сакратара Ганну Красуліну, выкарыстаўшы імя рэальнага супрацоўніка выдання. Пасля ў офісе ўзніклі сумневы ў дакладнасці дакументаў людзей, якія прыбылі на інтэрв’ю. Пазней выявілася, што “журналісты” не маюць ніякага дачынення да выдання, а нанялі іх невядомыя праз “Тэлеграм”, паабяцаўшы фінансавую ўзнагароду.

Літоўскія паліцыя і следчыя праводзяць працэсуальныя дзеянні, у фэйкавых журналістаў канфіскавалі тэхніку, а іх саміх павезлі на допыт.

У апошні час беларусам, якія вымушана знаходзяцца за мяжой, часцей сталі пісаць фэйкавыя журналісты, а таксама людзі, якія не хаваюць, што працуюць у КДБ. За грошы яны прапануюць паразмаўляць на адчувальныя для дэмакратычных сіл тэмы альбо правесці фота- і відэаздымку мерапрыемстваў за мяжой з удзелам членаў дыяспары, беларускіх актывістаў і палітыкаў.

Падзяліцца: