Мінск 23:29

Спрашчаецца працэдура рэгістрацыі зямельных участкаў

14 ліпеня, Позірк. Указ № 273, накіраваны на спрашчэнне працэдур рэгістрацыі зямельных участкаў, падпісаў 14 ліпеня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Згодна з дакументам, да 1 студзеня 2028 года ўстанаўліваецца “спрошчаны парадак афармлення грамадзянамі правазасведчвальных дакументаў на зямельныя ўчасткі (без распрацоўкі праектаў іх адводу)”. Гаворка аб участках, прадастаўленых фізічным асобам “для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў, вядзення сялянскай (фермерскай) гаспадаркі, калектыўнага садаводства, дачнага будаўніцтва, народных мастацкіх рамёстваў, а таксама ў выпадках іх самавольнага заняцця”.

Таксама да названай даты падаўжаюцца тэрміны спрошчанага афармлення дакументаў на ўчасткі, прадастаўленыя арганізацыям для будаўніцтва і абслугоўвання шматкватэрных жылых дамоў і аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

“Адпаведныя змены ўнесеныя ва ўказы № 463 ад 26 снежня 2017 года “Аб удасканаленні парадку канфіскацыі і надання зямельных участкаў” і № 76 ад 2 сакавіка 2021 года “Аб афармленні правазасведчвальных дакументаў”, — адзначае прэс-служба Лукашэнкі.

Як паведамлялася, 11 чэрвеня 2025 года набыў моц закон “Аб змене законаў па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яго і здзелак з ім” ад 5 снежня 2024 года, які падаўжае да 1 студзеня 2028 года тэрмін ўзаконьвання самавольна занятых зямельных участкаў (“зямельная амністыя”). Раней гэты тэрмін ахопліваў перыяд з 1 верасня 2022 года па 1 верасня 2025-га.

Беларусы, якія пражываюць за мяжой і не могуць вярнуцца на радзіму, баючыся палітычных рэпрэсій, фактычна абмежаваныя ў правах на здзелкі з нерухомай маёмасцю. Згодна з указам Лукашэнкі № 278 ад 4 верасня 2023 года, для іх уведзеныя абмежаванні на здзяйсненне здзелак з нерухомасцю і транспартнымі сродкамі (купля‑продаж, заклад і інш.). Даверанасць на такія здзелкі можна аформіць толькі на тэрыторыі Беларусі.

Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс. У лютаўскім дакладзе групы незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася, што з краіны за гэты час магло з’ехаць да 600 тыс. грамадзян.

Падзяліцца: